
Author:
Subscribed: 0Played: 0Subscribe
Share
Description
Episodes
Reverse
Сабіна Брыло — рэдкі выпадак вяртання ў паэзію ў сталым узросце. Аўтарка перастала пісаць з нараджэннем дзіцяці і парушыла маўчанне толькі праз 14 гадоў. У апошнія гады выйшлі дзве кніжкі вершаў. Тэксты Сабіны Брыло лаканічныя, па-хармсаўску абсурдныя, часам прарочыя і заўжды горка-іранічныя. Бо свет занадта страшны, каб пісаць пра яго сур’ёзна. Паэтка родам з Барысава два гады таму была вымушаная пераехаць з Мінска ў Вільню і дагэтуль складана перажывае разлуку з домам. У новым выпуску падкасту Сабіна распавядае пра душэўны і фізічны боль, які з ёю ўсё жыццё, пра патаемнае жыццё вершаванкі і парадоксы прамаўлення, а таксама пра свой перфекцыянізм і вялізную асалоду ад паэзіі.
Дзмітры Строцаў піша паэзію больш як 40 гадоў. І кожны верш — адказ на патрасенні гэтага свету. Апошнім часам аўтар жыве ў Берліне і працуе ў жанры паэтычнага рэпартажу, дзе сведчыць пра сучасныя падзеі, што несупынна збіваюць з ног. У новым выданні падкасту Дзмітры распавядзе пра дзіцячыя пластылінавыя сусветы, любоў да памылак, каханне як сімфанічны досвед, а таксама пра тое, як быць з натхненннем і чаму агрэгатны стан паэзіі — гэта плазма.
Для Ганны Севярынец пісьменніцтва пачалося з даследчыцкай цікаўнасці. Пошукі ў архівах. Паездкі па мясцінах расстраляных паэтаў. І стосы дакументаў — фотаздымкі, лісты, даведкі, дзённікі — паступова ажылі, замільгацелі дэталямі. Склаліся ў трохмерную карціну менскага літаратурнага жыцця 20—30-х гадоў. Раманы “Дзень Святога Патрыка” і “Гасцініца Бельгія” нарадзіліся з сапраўднага кахання да блізкіх па духу беларускіх аўтараў. У сённяшнім выданні падкасту Ганна распавядзе, як без шкадавання крэсліць няўдалыя старонкі, чым у літаратуры ёй дапамагае агарод і чаму пісьменніцтва — гэта сэксуальны занятак.
Паэтка Таня Скарынкіна — зацятая калекцыянерка. Усё нясе ў дом: фотаздымкі, паштоўкі, прыгожыя рэчы са сметнікаў. Але найбольш ёй падабаецца збіраць чалавечыя гісторыі, у якія аўтарка ўглядаецца па-дзіцячаму цікаўным позіркам. Таня жыве ў Смаргоні, дзе бясконца знаходзіць сюжэты для сваіх паэтычных зборнікаў і кніг эсэ. У гэтым выданні падкасту Таня распавядзе, як навучылася не баяцца пісаць “па-калгаснаму”, чаму любіць працаваць, стоячы за канторкай, і як нават са спрэчкі з выпадковым мужыком у краме можа атрымацца верш.
Адам Глобус — мультыінструменталіст у літаратуры. Аўтар-хамелеон. Піша вершы і прозу, раманы і хоку, гарадскія жахаўкі ды рок-тэксты, эратычныя апавяданні, дэтэктывы на продаж і апакрыфічна рэалістычныя партрэты сУчаснікаў. У новым выданні падкасту нязменны герой літпрацэсу распавядзе, чаму вандроўка да егіпецкіх пірамідаў выявілася стратэгічнай памылкай, як на яго творчасць паўплываў алкаголь і чаму пісьменніку часам карысна дапісацца да беліберды.
Таццяна распавядае, як прыдумляе апавяданні ў фонавым рэжыме мозга, пры якой умове этычна браць чужую гісторыю, а таксама як мігрэнь і Джон Ленан дапамаглі ёй напісаць раман.