DiscoverIdea X
Idea X
Claim Ownership

Idea X

Author: Euroradio

Subscribed: 24Played: 510
Share

Description

На нашу думку, прыспеў час распачаць дыскусію і вызначыць, сфармуляваць беларускую нацыянальную ідэю. І мы працягваем гэта рабіць у аўтарскай праграме “Ідэя Х” рэдактара Еўрарадыё Змітра Лукашука.
Па завядзёнцы ў якасці гасцей, якія дапамагаюць нам фармуляваць нацыянальную ідэю, — палітыкі і літаратары, эканамісты і музыканты, айцішнікі і культуролагі. Усе вы.
Праграма выходзіць штотыдзень у чацвер у 14:00.
207 Episodes
Reverse
25 снежня ў эфіры Еўрарадыё — амерыканіст, дарадца Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва Антон Пянькоўскі. Пытанне нацыянальнага будаўніцтва для беларусаў здаўна было досыць складаным. не так шмат людзей цікавілі гэтыя няўцямныя нацыянальныя ды дэмакратычныя каштоўнасці. Але назіраючы за тым, колькі людзей прыйшло ў дэмакратычны рух у 2020 годзе і наколькі палепшыйся стан гэтага руху, то можна смела сцвярджаць: у накірунку нацыянальнага будаўніцтва мы сёння значна бліжэй да нейкага добрага выніку, да разумення сябе, чым гэта было напачатку таго ж 2020 года. І гэта сведчыць, што мы абавязкова гэтае будаўніцтва ў выніку скончым, перакананы Антон Пянькоўскі. Пра тое, ці ёсць падабенству ў нацыябудаўнічых працэсах паміж беларусамі і амерыканцамі, ці можна нацыябудаўнічымі працэсамі займацца ў эміграцыі і ці можна стаць беларусам пад прымусам, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Антонам Пянькоўскім.
18 снежня ў эфіры Еўрарадыё — сацыёлаг Філіп Біканаў. У нас і так хапае таго, што нас падзяляе. Ад палітычных поглядаў і да моўнага пытання. І неабходна рабіць усё магчымае, каб пазбягаць канфранцыі і падзелаў у беларускім грамадстве. Інакш нам не дайсці да Беларусі сваёй мары, не пабудаваць сваю дзяржаву. З іншага боку, ёсць тэмы, дзе неабходная прынцыповасць. Да прыкладу, пытанне мовы. Калі да 2022 года і можна было казаць пра дзве дзяржаўныя мовы ў нашай краіне, то пасля пачатку вайны стаўленне да моўнага пытання змянілася. Што не павінна зашкодзіць беларусам паразумецца, перакананы Філіп Біканаў. Пра тое, ці вызначыліся беларусы са сваёй ідэнтычнасцю, ці гатовыя мы змагацца за сваю краіну і чым беларуская нацыянальная ідэя адрозніваецца ад ідэй іншых нацый, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Філіпам Біканавым.
11 снежня ў эфіры Еўрарадыё — Югася Каляда, пісьменніца, пераможца прэміі імя Ежы Гедройца. Нам трэба ствараць такі прадукт, цікавасць да якога прымусіць нашых чытачоў “прадзірацца” праз тую беларускую мову, на якой той прадукт створаны. І хоць у нас яшчэ шмат неасэнсаваных частках нашай трагічнай гісторыі, мы мусім думаць і пра тое, каб ствараць у літаратуры нешта прыгожае і гераічнае, фантастычнае і прыцягальнае. І мы абавязкова з гэтымі задачамі справімся, перакананая Югася Каляда. Пра тое, як зацікавіць беларусаў беларускасцю, навошта ў эміграцыі культываваць сваю беларускасць і чаму нам неабходна перагледзіць свой трагічны досвед параз, каб рухацца наперад, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Югасяй Калядой.
4 снежня ў эфіры Еўрарадыё — музыка, паэт, радыёжурналіст, удзельнік гуртоў "Кузьнец і Сяманя", "Князь Мышкін", "Нагуаль", Mouches A L'Orange, "Балцкі Субстрат" ды іншых Віктар Сямашка. Такое адчуванне, што беларускі народ ужо не першае стагоддзе, як той Хрыстос — укрыжаваны і вісіць на сваім крыжы лёсу і пакут. Што адметна, беларусы ўжо нібыта і прынялі гэты свой стан укрыжаванага пакутніка. Гэта добра прасочваецца і праз гісторыю нашага народа, і праз фальклор ды літаратуру. Але мы мусім зразумець, што гэта не найлепшы выбар, і нарэшце мы павінны зняць сябе з крыжа і рушыць далей свабоднымі, перакананы Віктар Сямашка. Пра тое, як натуральнасць звязаная з беларускасцю, калі і хто ўкрыжаваў беларусаў і чаму нас мусіць навучыць эміграцыя, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Віктарам Сямашкам.
27 лістапада ў эфіры Еўрарадыё — даследчык сталінскіх рэпрэсій, стваральнік курса па радаводзе Ігар Станкевіч. Веданне сваіх каранёў дазваляе знайсці адказы не толькі на пытанні пра тое, хто і што было да цябе, але і даць адказ на развагі пра тую спадчыну, якую мы самі пасля сябе пакінем. У эміграцыі ж веданне свайго радаводу мае дадатковую вартасць, бо гэта нібыта яшчэ адна нітачка, якая звязвае цябе з Бацькаўшчынай. Тая нітачка, якая некалі і дапаможа нам, давядзе нас да роднага матчынага дома, перакананы Ігар Станкевіч. Пра тое, як з дапамогай радаводу захоўваць сувязь са сваімі продкамі і сваёй Бацькаўшчынай, чаму важна асэнсаваць злачынствы сталінізму і ці важная для беларусаў іх беларускасць, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Ігарам Станкевічам.
20 лістапада ў эфіры Еўрарадыё — фудблогерка, псіхадыетолаг Алеся Княжэвіч. Заўсёды мець з сабой, дзе б ты не знаходзіўся і куды б цябе лёс не закінуў, сваю Беларусь у сэрцы — мусіць кожны беларус. Але можна пра свае родныя мясціны нагадваць сабе і сваім блізкім і іншым чынам — гатуючы да сямейнага стала нацыянальныя стравы. Можна так, як гатавала некалі ваша бабуля альбо матуля, а можна і па-сучаснаму, крыху адаптуючы даўнія рэцэпты да дня сённяшняга і ўмоў, у якіх вы цяпер знаходзіцеся. Гэта дазваляе не толькі ўзмацняць сваю беларускасць унутры сябе, але і ствараць Беларусь вакол сябе, перакананая Алеся Княжэвіч. Пра тое, як нацыянальная кухня спрыяе захаванню нацыянальнай свядомасці, ці можна з дапамогай страў нацыянальнай кухні абудзіць беларускасць у чалавеку і якія стравы прыгатуе на свята вяртання на радзіму, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Алесей Княжэвіч.
13 лістапада ў эфіры Еўрарадыё — галоўны менеджар стрымінгавай платформы “Belarus Tomorrow”, заснавальнік таварыства “Беларуская дыяспара ў Польшчы”, аўтар трох кніг на паляшуцкай мове Аляксей Дзікавіцкі. Беларусы павінны не раз’ядноўвацца, а шукаць любыя магчымасці для аб’яднання. Бо толькі там мы здолеем не проста выжыць, але і захавацца як народ, як нацыя. Захаваць свае адметнасці і — вярнуць сабе права людзьмі звацца. Прычым — на сваёй зямлі. На такой зямлі, дзе мы будзем сапраўды гаспадарамі. І мы гэтага абавязкова дасягнём, калі будзем разам ісці да агульнай мэты, перакананы Аляксей Дзікавіцкі. Пра тое, як культурніцкія традыцыі і моўныя адметнасці палешукоў узбагачаюць нашу агульную беларускую спадчыну, як нам захавацца ў эміграцыі і не загінуць пад ціскам русіфікацыі ўнутры краіны, чаму важна не проста вярнуць сабе сваю зямлю, але і права быць на ёй сапраўднымі гаспадарамі, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Аляксеем Дзікавіцкім.
6 лістапада ў эфіры Еўрарадыё — актор тэатра і кіно, заслужаны артыст Беларусі, купалавец Ігар Сігоў. Беларускаму грамадству было наканавана прайсці праз 2020 год і працягваць шлях свайго сталення, нягледзячы на ўсё тое, што нам сёння даводзіцца перажываць — рэпрэсіі, эміграцыю, расчараванне… Але калі мы хочам захавацца як нацыя і захаваць сваю краіну, мы мусім праз гэтыя выпрабаванні прайсці. Магчыма, перад намі паўстане пытанне выбару: ці браць у рукі зброю? Але калі іншага выйсця не будзе, калі паўстане выбар паміж знікненнем усяго і неабходнасцю змагацца за гэта сваё са зброяй у руках, то зброю давядзецца браць, перакананы Ігар Сігоў. Пра тое, ці здольныя мы захаваць сваю беларускасць у эміграцыі, ці не быў памылкай 2020 год і ці пагражае нам грамадзянская вайна, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Ігарам Сіговым.
30 кастрычніка ў эфіры Еўрарадыё — стэндап-комік Зміцер Нарышкін. У кожным беларусе ёсць адмысловае месца, да пэўнага моманту занятае… пустэчай. Гэта месца для нацыянальнай ідэі кожнага канкрэтнага беларуса. А вось чым ён гэтую пустэчу будзе напаўняць і ці будзе напаўняць увогуле — кожны вырашае і абірае сам. Бо ў кожнага з нас свая нацыянальная ідэя. Альбо яе адсутнасць. Але наяўнасць гэтай пустэчы беларускай нацыянальнай ідэі і неабходнасць яе нечым напаўняць нас і яднае, як бы дзіўна гэта ні гучала, перакананы Зміцер Нарышкін. Пра тое, ці патрэбная беларусам хоць нейкая нацыянальная ідэя, чаму ў кожнага з нас яна свая і мы ёй не дзелімся нават з блізкімі людзьмі і пра тое, ці зможам мы вярнуцца і аб’яднаць падзеленае эміграцыяй грамадства, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” са Змітром Нарышкіным.
23 кастрычніка ў эфіры Еўрарадыё — пісьменнік, аўтар і вядоўца ютуб-праекта #IMBY, папулярызатар найноўшай гісторыі Беларусі Павел Валатовіч. Тое, што сёння адбываецца з беларускай нацыяй, лепш за ўсё адлюстравана ў дзвюх радках песні Лявона Вольскага: “Раскідала выбухам нас па зямлі, мы вернемся, толькі — куды і калі?” Прычым, гэта тычыцца не толькі тых, каго раскідала эміграцыя па свеце, але і тых, хто застаецца ў Беларусі. Наша нацыя сёння як раскіданае гняздо. Мы абавязкова вернемся. І хоць пакуль не маем адказу на пытанне “Калі?”, але адказ на “Куды?” мы ведаем дакладна — на Радзіму, перакананы Павел Валатовіч. Пра тое, ці магчыма ў эміграцыі заставацца беларусамі і чаму так важна зберагаць успаміны пра родныя мясціны і падзеі, сведкамі якіх мы былі, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Паўлам Валатовічам.
16 кастрычніка ў эфіры Еўрарадыё — філосаф, метадолаг, былы палітвязень Уладзімір Мацкевіч. Мы як нацыя павінны нарэшце вызначыцца не толькі з тым, на якім этапе, у якім месцы мы ўсе знаходзімся, але і з тым, што нам неабходна рабіць, каб наблізіць перамогу і, што самае галоўнае — вяртанне на радзіму. Варта разумець, што чым даўжэй наша грамадства застаецца падзеленым і раскіданым, тым складаней нам будзе паразумецца, калі магчымасць вярнуцца з’явіцца. Сёння мы мусім знайсці агульны падмурак нашага існавання як беларусаў і, адштурнуўшыся ад гэтага падмурку, планаваць супольныя дзеянні, перакананы Уладзімір Мацкевіч. Пра тое, ці здольныя беларусы сёння спланаваць супольныя дзеянні і рэалізаваць свае планы, ці гатовыя мы іх рэалізаваць праз сілавы сцэнар і пра тое, навошта беларусам сёння нацыяналізм і пошукі ідэнтычнасці, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Уладзімірам Мацкевічам.
9 кастрычніка ў эфіры Еўрарадыё — сацыёлаг, прафесар Андрэй Вардамацкі. Падабаецца нам гэта альбо не, але ў абодвух частак нашага падзеленага грамадства адбываецца працэс “каканізацыі” — як у той часткі, якая знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, так і ў той, якая вымушаная была выехаць за межы краіны. Гэты падзел ідзе як паводле геапалітычнага выбару, так і паводле выбару каштоўнаснага і свядомаснага, стаўлення да вайны і гэтак далей. Але рана ці позна нам давядзецца шукаць магчымасці для паразумення. І мы абавязкова яго дасягнем, перакананы Андрэй Вардамацкі. Пра тое, ці змянілася ў беларусаў стаўленне для сябе як нацыі і ў які бок, як на нас уплывае эміграцыя і ці сапраўды “сапраўдны беларус гэта той, хто не з’ехаў”, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Андрэем Вардамацкім.
2 кастрычніка ў эфіры Еўрарадыё —кампазітар, аранжыроўшчык, піяніст, выкладчык англійскай мовы Сяргей Пукст. Мова і ідэнтычнасць — гэта тое, за што мы павінны змагацца. Бо ўсё ж мы адносна невялікая па колькасці нацыя і нас шмат стагоддзяў імкнуліся перарабіць на свой капыл нашыя суседзі. Але мы захаваліся. І каб працягваць жыць, каб стаць адметнай часцінай агульнаеўрапейскай культуры, мы мусім захоўваць і пашыраць свой культурны код, перакананы Сяргей Пукст. Пра тое, ці можа твор, напісаны на расійскай ці якой іншай мове, быць часткай беларускай культуры, чаму ў вымушанай эміграцыі беларусы пачалі больш увагі надаваць сваёй ідэнтычнасці і дзе нашае месца ў агульнаеўрапейскай культуры, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Сяргеем Пукстам.
25 верасня ў эфіры Еўрарадыё — экс-кандыдат у прэзідэнты, былы кіраўнік руху “За свабоду”, заснавальнік і кіраўнік Вольнага беларускага ўніверсітэта, пазаштатны дарадца Святланы Ціханоўскай у пытаннях еўрапейскага выбару Беларусі Аляксандр Мілінкевіч. Шмат стагоддзяў у нашым народзе мэтанакіравана знішчалася ўсё нацыянальнае — вера, культура, гісторыя. У нас хацелі цалкам вынішчыць нашую самасвядомасць. Але канчаткова ні ў каго гэта зрабіць з беларусамі так і не атрымалася. Мы вернем сабе сваю Беларусь. Але для гэтага мы мусім мацаваць свій нацыянальны дух і сваю самасвядомасць. Ад гэтага будзе залежыць тое, якую Беларусь мы ў выніку пабудуем, перакананы Аляксандр Мілінкевіч. Пра тое, як звязаныя самасвядомасць і пабудова сваёй нацыянальнай дзяржавы, пра моц беларускага нацыянальнага духа і як адшукаць сябе ў эміграцыі, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Аляксандрам Мілінкевічам.
18 верасня ў эфіры Еўрарадыё — лінгвістка, выкладчыца італьянскай мовы, былая палітзняволеная Наталля Дуліна. Свабода сканчаецца там, дзе пачынаецца страх. Нам неабходна навучыцца не баяцца. Не баяцца адстойваць свае правы, сваю свабоду, сваю ідэнтычнасць. Гэта не проста. Як не проста будзе і прабачыць тым, хто рабіў нам зло і з-за каго мы спазналі столькі страт і пакут. Але не баяцца прабачаць мы таксама павінны навучыцца. І некалі мы абавязкова з гэтым справімся, перакананая Наталля Дуліна. Пра тое, як знаходзіць у сабе сілы спраўляцца з выклікамі часу і лёсу, чаму так важна навучыцца не баяцца і ў чым для нас і для нашай ідэнтычнасці сёння найбольшыя выклікі, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Наталляй Дулінай.
11 верасня ў эфіры Еўрарадыё — паліталагіня, экспертка стратэгіі і аналітыкі, міжнародная сакратарка Згуртавання беларускіх студэнтаў Аліна Харысава. Нам неабходна навучыцца ганарыцца сабой і сваімі здольнасцямі ці кампетэнцыямі. Бо такі гонар, які мае пад сабой абгрунтаванне і які даказаны рэальнымі дзеяннямі можа быць часткай, складнікам нацыянальнай ідэнтычнасці. Трэба ганарыцца гісторыяй, але толькі на ёй сёння сваю ідэнтычнасць не пабудуеш, неабходныя яшчэ і нейкія скіраваныя ў будучыню памкненні, за якія не сорамна, перакананая Аліна Харысава. Пра тое, як моладзь успрымае сваю ідэнтычнасць і ці час разважаць над такімі пытаннямі, ці спатрэбяцца некалі на радзіме тыя кампетэнцыі, якімі беларусы авалодваюць у эміграцыі і ці не прасцей беларусам пабудаваць сабе сваю Беларусь па-за межамі Айчыны, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Алінай Харысавай.
4 верасня ў эфіры Еўрарадыё — эканаміст, палітычны актывіст, літаратар Віталь Патліс. Не адно стагоддзе беларускі народ знаходзіўся пад прыгнётам. Ён і сёння знаходзіцца пад прыгнётам чужой яму па духу і свядомасці ўлады. Але насуперак гэтаму беларусы хочуць свабоды, мы хочам сваёй ідэнтычнасці, мы хочам быць беларусамі. Пралітая кроў нашых продкаў шэпча нам пра усё гэта і мы некалі сабе гэта ўсё здабудзем — і свабоду, і прыналежнасць да нацыі, і ідэнтычнасць, перакананы Віталь Патліс. Пра тое, як звязаныя эканоміка ды ўласны дабрабыт з нацыянальнай ідэяй і ўсведамленнем сваёй ідэнтычнасці, ці гатовыя беларусы змагацца за сваю краіну і ці адпусціць нас “рускі мір”, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Віталём Патлісам.
28 жніўня ў эфіры Еўрарадыё — музыка, спявак, актор Зміцер "Vinsent" Папко. Мы павінны нарэшце зразумець, што быць прыхільнікам дэмакратычных каштоўнасцяў і суверэннай Беларусі недастаткова. Без нацыянальных складнікаў, без усведамлення важнасці для нас, як для нацыі, вяртання сабе сваёй мовы, гісторыі мы не пабудуем сапраўды незалежнай і моцнай дзяржавы. Бо моцнай дзяржава можа быць толькі ў тым выпадку, калі яна будзе стаяць на нацыянальным падмурку, перакананы Зміцер "Vinsent" Папко. Пра тое, чаму беларусы так насцярожана ставяцца да моўнага пытання і чаму мова для нас важная, як музыка ўплывае на свядомасць і ці магчымая перамога над рэжымам мірным шляхам, без крыві, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” са Змітром "Vinsent" Папко.
21 жніўня ў эфіры Еўрарадыё — паэт, літаратар, перакладчык Макс Шчур. Калі яшчэ да 2020 года пытанне “Ці сфармаваліся мы як нацыя?” мела права на існаванне, то тое, якія змены і трансфармацыі адбыліся з намі падчас тых падзеяў, паставіла кропку — беларусы канчаткова завяршылі сваё фармаванне як палітычная нацыя. 2020 год прымусіў нават тых, хто даўно забыўся, што ён беларус, актыўна ўключыцца ў беларускае жыццё. І цяпер мы мусім вярнуць сабе дзяржаву, каб наша палітычная нацыя змагла адбудаваць сабе сваю краіну, перакананы Макс Шчур. Пра тое, якое месца ў фармаванні ідэнтычнасці займае літаратура, ці здольныя літаратары сфармуляваца нацыянальную ідэю і якое значэнне мае мова ў гэтай справе, ці па-будысцку жадаць адпомсціць карнікам і як нам захаваць сваю ідэнтычнасць у эміграцыі, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Максам Шчурам.
14 жніўня ў эфіры Еўрарадыё — спікер Каардынацыйнай рады Арцём Брухан. Беларус з бел-чырвона-белым сцягам і беларус са сцягам чырвона-зялёным — абодва лічаць сябе беларусамі. Такім чынам, беларуская свядомасць у нас ужо ёсць. Іншая справа, што грунтуецца яна на розных падмурках. Але кожны з гэтых беларусаў хоча жыць сам і каб дзеці яго жылі ў сваёй дзяржаве, усе яны хочуць, каб гэтая дзяржава квітнела, каб не было вайны. І некалі мы здолеем паразумецца і жыць з рознымі меркаваннямі, але ў адзінай і сваёй краіне, перакананы Арцём Брухан. Пра тое, чаму так і не была сфармуляваная нацыянальная ідэя на дзяржаўным узроўні пры Лукашэнку, як нам захаваць сваю ідэнтычнасць у эміграцыі і ці будзе роў з кракадзіламі на мяжы з Расіяй, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Арцёмам Бруханам.
loading
Comments