ПодборкаУтульны горад
Утульны горад

Утульны горад

Автор: Даша

Подписка оформлена: 104Воспроизведенные: 1,314
поделиться

Описание

Разбіраем урбаністычныя пытанні, каб на прыкладзе Гродна высветліць, як зрабіць беларускія гарады ўтульнымі.

Якім мае быць грамадскі транспарт?
Адкуль узяліся панэлькі?
Чаму да рэстаўраваных будынкаў так шмат пытанняў?
Калі ў кожнай сям'і ёсць аўтамабіль - гэта дрэнна?
Што рабіць з бяздомнымі сабакамі?
Ці варта сартаваць смецце, калі твае суседзі гэтага не робяць?
Як перасесці на ровар, калі ў нас 6 месяцаў зімы?
Хто адказвае за рамонт дзіцячых пляцовак?
Чаму мы марым аб уласнай дачы?

Аб гэтым і не толькі размаўляем з актывістамі і навукоўцамі, каб у выніку пабудаваць утульны горад.
42 Episodes
Reverse
Харасмент – гэта абразлівыя паводзіны сэксуальнага характару, якія парушаюць асабістыя межы асобы. Калі хтосьці кранае іншага чалавека або пачынае весці размовы на тэмы датычныя сэксуальнага жыцця без дазволу - гэта харасмент. Некаторыя з нас сутыкаліся з тым, што, напрыклад, у аўтобусе хтосьці кранае нас за інтымныя часткі цела, ці на прыпынку грамадскага транспарту нейкі нецвярозы чалавек раптам кажа, што мы выглядаем сэксуальна. Такі нежаданы інтымны кантакт з незнаёмым чалавек парушае асабістыя межы. Часцей за ўсё з такім парушэннем межаў сутыкаюцца жанчыны. 25 лістапада пачалася штогадовая міжнародная кампанія «16 дзён супраць гендарнага гвалту». У гэтыя 16 дзён актывісткі па ўсім свеце ладзяць фестывалі, вулічныя акцыі, асветніцкія семінары і дабрачынныя зборы. 26 лістапада ў Вільні адбыўся фестываль «Невінаватая» (https://instagram.com/nevinavataya.vilnius) – акцыя ў падтрымку людзей, якія перажылі хатні гвалт. Пагаварылі з арганізатаркай фестывалю Алінай пра тое, чаму з гвалтам можа сустрэцца і дома, і ў грамадскіх прасторах, і чаму часцей за ўсё гэты гвалт накіраваны ў бок жанчын.Старонка акцыі “Невінаватая”: https://instagram.com/nevinavataya.vilniusСтаронка ініцыятывы “Новыя рэгіёны”: https://instagram.com/newregionsmog
Незалежна ад нашага семейнага статусу, побач з намі заўсёды ёсць людзі, якія нявольна дзеляць з намі частку праблем. Гэтыя людзі – нашы суседзі. Усе мы церпім ад праблем з ацяпленнем, газам і электрычнасцю, ад нашэсця пацукоў і прусакоў, ад капітальна рамонту і яго адсутнасці. Пра тое, як і навошта камунікаваць людзям, у якіх часта няма нічога агульнага акрамя бытавых праблем, пагаварылі з эксперткай па супольнасцях Наталляй. Чаму хтосьці ведае сваіх суседзяў і суседак, а хтосьці – не? Навошта пячы пірог, калі пераязджаеш? У якія моманты суседзі і суседкі аб'ядноўваюцца? Як мадэраваць бурлівыя дыскусіі ў двары? Ці варта ісці знаёміцца, калі людзей палохае грукат у дзверы? Падкаст пра супольнасці «PRO.Сообщества»: https://www.youtube.com/@pro.4175/videos
Часта навігацыяй памылкова называюць указальнікі і шыльды з інфармацыяй аб тым, куды гараджане і гараджанкі мусяць кіравацца. Аднак такія знакі больш карэктна называць «элементамі навігацыі». Бо навігацыя – гэта ўся сукупнасць транспартных сістэм, якая адказвае на пытанне: «Якім чынам можна патрапіць у пэўнае месца?» Як распрацаваць зручную сістэму навігацыі? Чаму некаторыя ўказальнікі - зразумелыя, а некаторыя – не? Дзе шукаць білеты на грамадскі транспарт у незнаёмым горадзе? Колькі моў мусіць быць на ўказальніках? Якія правілы распрацоўкі навігацыі існуюць у Беларусі? Ці проста ў Гродне знайсці патрэбны прыпынак, а ў Мінску – выхад з метро?Калі вы не слухалі папярэдні выпуск пра бясшвоўнасць перасоўвання і тое, як зрабіць вандроўкі па горадзе зручнымі, то абавязкова праслухайце яго таксама: https://cozycity.mave.digital/ep-39
У вялікіх гарадах, каб патрапіць з аднаго пункта ў іншы, даводзіцца карыстацца грамадскім транспартам. Часта мы нават не можам абысціся адным сродкам транспарту: даводзіцца, напрыклад, перасаджвацца з аўтобуса на тралейбус. Невялікія адлегласці мы можам прайсці пешшу або арандаваць ровар ці самакат. Калі мы гладка і без асаблівых намаганняў трапляем у патрэбнае месца праз розныя сродкі транспарту, то можна казаць пра бясшвоўнасць перасоўвання.Пра тое, якой мусіць быць гарадская мабільнасць, пагаварылі з Ілонай Эльяшэвіч з Менскай урбаністычнай платформы. Што такое бясшвоўнасць перасоўвання? Дзе нас напаткаюць тыя самыя “швы”? Чаму чакаць перасадкі паўгадзіны – гэта не ок? Колькі часу мусіць займаць вандроўка па горадзе? Як мусяць выглядаць білеты на грамадскі транспарт? Чаму блуканні турыстаў і турыстак – праблемы для ўсяго горада? Сайт Менскай Урбаністычная Платформы: https://www.mienskurban.space/
17 мэт устойлівага развіцця – канцэпцыя, якую распрацавала ААН у 2015 годзе. Згодна з мэтамі ўстойлівага развіцця, ліквідацыя беднасці, напрыклад, павінна ісці рука аб руку са стратэгіямі, якія паляпшаюць здароўе і адукацыю, памяншаюць няроўнасць і стымулююць эканамічны рост – і ўсё гэта адначасова змагаецца са змяненнем клімату і працуе над захаваннем акіянаў і лясоў. Адна з 17 мэт – устойлівасць гарадоў. Што ААН разумее пад устойлівасцю гарадоў? Пагаварылі пра гэта з прадстаўніком арганізацыі «Інтэракцыя» Іванам Шчадранком. Што такое ўстойлівы горад? Па якіх крытэрах можна памераць устойлівасць? Як даведацца, ці дастаткова горад бяспечны і інклюзіўны? Чаму Гродна звычайна – на першых месцах рэйтынгаў беларускіх гарадоў? Пра што кажа факт існавання падкаста «Утульны горад» у кантэксце ўстойлівасці?
Бяздомнасць – гэта складаная праблема, якая паўстае праз разнастайныя сацыяльныя, эканамічныя і псіхалагічныя прычыны. Большасць з нас гэта праблема не датычыць, пакуль мы не спаткаем апранутых не па сезоне людзей, ад якіх непрыемны пахне. У такія моманты нас ахапляе ўласнае пачуццё агіды, і мы нават не задумваемся, што людзі, якіх мы раптам спаткалі, – гэта, у першую чаргу, людзі, якія трапілі ў вельмі непрыемную жыццёвую сітуацыю.Пра тое, чаму некаторыя людзі ў гарадах не маюць сталага жытла, і як ім спрабуюць дапамагчы ў розных краінах свету, пагаварылі з эксперткамі Марыяй і Валерыяй з Менскай урбаністычнай платформай. Якія словы выкарыстоўваць, каб казаць пра людзей з досведам бяздомнасці? Ці ўсе людзі, якія жывуць на вуліцы, маюць алкагольную залежнасць? Чаму на вуліцах гарадоў Заходняй Еўропы і ЗША больш людзей з досведам бяздомнасці, чым у Беларусі? Што не так з ідэяй перасяліць усіх, хто не мае дому, у закінутыя хаты ў вёсках? Як агароды і пчолы дапамагаюць рэсацыялізацыі? Пост Менскай урбаністычнай платформы пра бяздомнасць: https://t.me/minskurban/1042 Сайт Менскай урбаністычнай платформы: https://www.mienskurban.space/
Гарадскія легенды – тыя гісторыі, якія расказваюць краязнаўцы падчас экскурсій і якія вусна перадаюцца сярод гараджан і гараджанак.Пры тым пэўныя матывы паўтараюцца ў самых розных гарадах Еўропы. Напрыклад, гісторыі пра падземныя лабірынты, жабракоў, якія насамрэч прыхоўваюць незлічонае багацце, ды актора мясцовага тэатра, які скончыў жыццё самагубствам на сцэне праз неўзаемнае каханне.Гродна не выключэнне: у мясцовым фальклоры мы знойдзем і гісторыі пра падземны горад, і пра жабрака Люціка, і пра прывіда з тэатра лялек. Пра гродзенскія легенды ў падкасце “Утульны горад” пагаварылі з Яўгенам Аснарэўскім – таямнічым краязнаўцам і гісторыкам.Дарэчы, Аснарэўскі і сам з'яўляецца вядучым падкаста пра літаратуру "Гаворыць Гродна"! Паслухаць яго разам з сувядучай Ірынай Новік можна тут: https://govorit-grodno.mave.digitalЯўген Аснарэўскі ў Instagram: https://instagram.com/asnareuskiЯўген Аснарэўскі ў Facebook: https://www.facebook.com/profile.php?id=100010783908995
Візуальныя рашэнні на вуліцах беларускіх гарадоў часта моцна адрозніваюцца ад таго, што мы бачым у Заходняй Еўропе. Скульптуры і помнікі, якія стварылі ўжо ў час незалежнасці, а таксама афіцыйныя банеры, плакаты і графіці на сценах чамусьці шмат у каго выклікаюць пачуццё сораму і не падаюцца эстэтычнымі. У дварах жа можна знайсці ўсякія спрэчныя кампазіцыі: жабкі, намаляваныя на камянях, лебедзяў з аўтамабільных шын, азёры са старой цыраты... Такія ўпрыгожанні часта становяцца аб’ектамі для жартаў у сацыяльных сетках.Дык што не так з выяўленчым мастацтвам у беларускіх гарадах? Сабралі для вас меркаванні дызайнер_ак і мастацтвазнаўцаў.
Ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека пазначана, што кожны чалавек мае права прымаць удзел у кіраванні сваёй краінай непасрэдна або праз свабодна абраных прадстаўнікоў. Адпаведна, кожны чалавек мае права прымаць удзел у кіраванні сваім горадам. Аднак у сучаснай Беларусі грамадзяне і грамадзянкі амаль не маюць такой магчымасці. Гэта пры тым, што гістарычна на беларускіх землях усё з самакіраваннем было вельмі добра. Чаму адбыліся такія змены? Што не так з мясцовым самакіраваннем у Беларусі? Навошта гэтае самакіраванне патрэбна ўвогуле? Пагаварылі з паліталагіняй Алінай Харысавай. Што такое мясцовае самакіраванне? Чаму ў ВКЛ з ім усё было класна, а ў сучаснай Беларусі – не вельмі? Як звязаны сумленныя выбары і ўзровень жыцця ў горадзе? Чаму лепей, калі кіраўнік ці кіраўніца мясцовай выканаўчай улады – выбарная пасада? Чаму нізавыя ініцыятывы – гэта не органы самакіравання, але шмат робяць для паляпшэння жыцця ў горадзе? Instagram палітылагіні Аліны Харысавай: https://instagram.com/alinaharisov Ініцыятыва Аліны «Яна/Ёй»: https://instagram.com/yana.joj Дадатковае чытво:5 фактаў пра самакіраванне ў Гродне часоў ВКЛ - https://hrodna.life/articles/garadzienskaja-azbuka-magistrat/10 крокаў да дэмакратыі. Як развіваць рэгіёны ў Беларусі - https://hrodna.life/articles/10-krokau-da-demakratyii-ales-belyi-ab-tyim-yak-razvivats-regiyonyi-u-belarusi/
Малы бізнес – панятак, які мы апошнія гадоў 20 рэгулярна чулі з радыё і тэлевізара. Чыноўнікі сцвярджалі, што робяць усё для падтрымкі малога бізнесу, а банкі прапанавалі бізнесоўцам ільготныя крэдыты. Звычайна малым бізнесам лічыцца небагатая кампанія на некалькі чалавек у супрацьвагу буйным карпарацыям, якія маюць мільёны на рахунках і тысячы супрацоўнікаў. Пра тое, якім чынам і сціплыя кампаніі, і буйныя карпарацыі ці вытворчасці ўплываюць на гарадскую штодзённасць, паразмаўлялі з архітэктаркай Лізаветай з Менскай урбаністычнай платформы.Як узніклі першыя гарады і да чаго тут малы бізнес? Навошта ўладам падтрымліваць дробных бізнесоўцаў? Што змяняюць бары і кавярні ў нашых гарадах? Чаму бар у маленькім горадзе аб’ядноўвае розныя сацыяльныя групы? Калі ў спальных раёнах з’явяцца кавярні? Буйныя прадпрыемствы і гарадское асяроддзе: хто каго? На якія сферы гарадскога жыцця незаўважна ўплываюць гродзенскія заводы? Калі давядзецца ліквідаваць некаторыя прадпрыемствы, што будзе на іх месцы?
Краязнаўства ў Гродне мае спецыфічную афарбоўку. У гэтым горадзе краязнаўства – гэта не толькі збор гістарычных цікавостак, але і грамадзянскі актывізм. Менавіта краязнаўцы ў Гродне выхадзілі з пікетамі, рабілі апытанні грамадскага меркавання і вялі перамовы з уладамі. Звычайна гэтая актыўнасць была звязаная з захаваннем ці разбурэннем гісторыка-культурнай спадчыны. Чаму гродзенскія краязнаўцы ператвараюцца ў актывістаў? Якая іхная звычайная роля ў гарадах? Пагаварылі з адным з найбольш вядомых гродзенскіх краязнаўцаў Мечыславам Супронам. Хто займаецца краязнаўствам? Калі краязнаўцы пераўтвараюцца ў палітычных актывістаў? Чаму гродзенскія краязнаўцы падобныя да рок-зорак? Навошта чыноўнікам пытацца парады краязнаўцаў? Хто нясе адказнасць за гісторыка-культурную спадчыну ў горадзе? Ці можна займацца вывучэннем горада, калі не жывеш у гэтым горадзе? Паслухайце таксама выпуск падкаста “Говорит Гродно” з “віртуальным краязнаўцам” Яўгенам Аснарэўскім: https://hrodna.life/podcast/ або https://govorit-grodno.mave.digital/ep-7 
Нерухомасць – недасяжная мара, выгаднае ўкладанне ці прыбытковы бізнес? Для розных людзей – па-рознаму. Для эканамістаў нерухомасць можа быць увогуле аб’ектам даследаванняў, бо па гэтым рынку звычайна бачна, што адбываецца ў грамадстве. Але беларускі рынак жытла мае свае парадоксы. Напрыклад, ёсць попыт на кватэры і катэджы, якія каштуюць сотні тысяч долараў, пры сярэднім заробку крыху больш за $500. Або пасля 2020 і 2022 гадоў беларусы ўсё яшчэ купляюць кватэры ў Беларусі, а не прыглядаюцца да нерухомасці ў бліжэйшым замежжы. Пра гэтыя і не толькі парадоксы пагаварылі з Лізаветай з Менскай урбаністычнай платформы. Што такое рынак нерухомасці? Колькі каштуюць кватэры ў беларускіх гарадах? Як мяняюцца цэны на жытло ў Беларусі? Чаму кватэра на ўскрайку Мінска даражэй за кватэру ў цэнтры Гродна? Дзе шукаць кватэру ў арэнду? Чаму ў беларускіх кватэрах такія дзіўныя рамонты? Якія кватэры лепшыя: беларускія ці замежныя? Адкуль у беларусаў сотні тысяч доляраў на катэджы? Сайт Менскай Урбаністычнай платфомы: https://www.mienskurban.space/ Telegram-канал Менскай Урбаністычнай платфомы: https://t.me/minskurban Instagram Менскай Урбаністычнай платфомы: http://instagram.com/miensk_urban_platform
Час ад часу даводзіцца чуць ад беларусак і беларусаў, што беларуская мова – мёртвая. У сучаснага гараджаніна можа скласціся такое ўражанне: вакол гучыць толькі расійская мова, шыльды і ўказальнікі напісаны толькі па-расійску, супрацоўнікі дзяржаўных устаноў разам з бізнесоўцам размаўляюць толькі па-расійску. Ці не толькі? Пра тое, якія беларускамоўныя лакуны можна знайсці нават зараз у беларускіх гарадах і як увогуле суіснуюць розныя мовы ў гарадской прасторы, размаўляем з антраполагам Андрэем Ваз’янавым.Чаму мы не заўважаем беларускую мову вакол сябе? Для чаго патрэбныя беларускамоўныя ўказальнікі? Дзе шукаць лакуны беларускамоўнасці ў горадзе? У якіх гарадах размаўляць на адной мове, а пішуць – на іншай? Чым дапаможа нам прыклад украінізацыі ўкраінскіх гарадоў? Што мусіць адбыцца, каб беларус_кі пачалі размаўляць па-беларуску?
У красавіку 2023 у Гродне раптам знікла электрычнасць. Знікла - і дала нам зразумець, як моцна мы ад яе залежым. Аказваецца, калі не працуюць тэрміналы, згасаюць светлафоры і заміраюць пасярод дарогі тралейбусы, гарадское жыццё блізкае да калапсу.Адкуль у горадзе ў прынцыпе бярэцца электрычнасць?Як яна можа знікнуць?Чаму экаактывісты супраць таго, каб электрычнасць здабывалі на атамных станцыях?Разбіраемся разам з экаактывісткай Ірынай Сухій, якая ачаляе антыядзерны накірунак у арганізацыі “Экадом”.
Гарадскі актывізм – тэма, у якой мы разбіраемся сумесна з Кацярынай – вядоўцай падкаста «Вясна прыйдзе» праваабарончай арганізацыі “Вясна” – і нашай ананімнай эксперткай. На жаль, у сучасных умовах мы можам размаўляць са спецыяліст_камі па гарадскім актывізме толькі на ўмовах ананімнасці. Што такое гарадскі актывізм, хто ім займаецца і ці можа быць чыноўнік актывістам, слухайце ў гэтым выпуску падкаста “Утульны горад”. Актывісты – гэта тыя, якія выходзяць з плакатамі? Чаму рабіць клумбы ля пад’ездаў – гэта таксама актывізм? Як раварысты пераўтвараюцца ў актывістаў? Днём – выкладчыкі, ноччу – актывісты. Чаму менавіта гісторыкі заўсёды такія актыўныя? Для чаго дамаўляцца з дзяржавай, калі займаешся актывізмам? Што штурхае актывістаў станавіцца чыноўнікамі?
Калі адбываюцца нейкія фемінісцкія акцыі, у каментарах у медыях часта ўзнікаюць тыя ж самыя фундаментальныя пытанні:навошта патрэбны фемінізм;ці не ўсіх правоў жанчыны ўжо дасягнулі;чаго яшчэ бракуе гэтым феміністкам.Насамрэч, жанчынам бракуе шмат чаго, але паколькі мы ў падкасце разбіраем урбаністычныя пытанні, то мусім разабрацца, чаго бракуе жанчынам менавіта ў гарадской прасторы.Пагаварылі аб гэтым з гарадской сацыялагіняй і феміністкай Анастасіяй Галаўнёвай.
Дваравыя супольнасці і дваравы чацікі – два словазлучэнні якія, у шэрагу іншых, часта ўзгадаваліся ў 2020 годзе. Супольнасці сталі месцам грамадскіх аб’яднанняў, а чат – інструментам камунікацыі і кіравання ўсёй маштабнай грамадскай дзейнасцю. Феномен дваравых супольнасцей у тым, што стварыліся яны не на патрэбу рэвалюцыі, і ў чатах першапачаткова абмяркоўвалі не фальсіфікацыю выбараў і падрыхтоўку да пратэстаў. Ад пачатку жыхары навакольных дамоў проста хацелі зрабіць свой двор больш камфортным і прывабным для сябе, але ў выніку рух перарос у сапраўдную палітычную сілу. Чаму дваравыя супольнасці – гэта амаль што дэмакратычныя інстытуты, як адбываецца іх эвалюцыя, і як выжыць у пекле дваровага чата, расказвае спецыялістка па камунікацыі Лізавета Шалай. КАТОСы, кааператывы і таварыствы ўласнікаў – што гэта такое, і чым адрозніваюцца? Як аб’ядноўвацца ў краіне, дзе любое аб’яднанне прызнаецца экстрэмісцкім фармаваннем? Навошта нам суседскія чацікі, і чаму яны пераўтвараюцца ў філіялы пекла на зямлі? Як медыятар_кі могуць вырашыць ваш даўні дваравы канфлікт? Дэбаты, выбары і змена ўлады: чаму дваравыя супольнасці – гэта мадэль дэмакратычнага грамадства? Што рабіць, калі ваш старшыня кааператыву робіць шкодныя, на вашу думку, рэчы? Што яшчэ паглядзець:Цыкл анлайн-лекцый для развіцця дваровых прастор і дваровых супольнасцяў ад Менскай Урбаністычнай платформы (https://www.mienskurban.space/nashidvory)Арганізацыя CreateCulture.group (https://createculture.group/)Фэйсбук Лізаветы Шалай (https://www.facebook.com/liz.shalay/)
Заторы на гродзенскіх дарогах – звыклая зʼява. Мы назіраем іх зранку, калі ўсе спяшаюцца на працу, мы стаім у іх увечары, калі ўсе вяртаюцца дамоў. У заторах вінавацяць надворʼе, аварыі, супрацоўнікаў ДАІ і ландшафт. Чаму насамрэч гродзенцы рэгулярна доўгія хвіліны нудзяцца ў заторах? Пры чым тут Нёман і Ленінскі раён? Разбіраемся разам са спецыялісткай па паліталогіі і кіраванні Алінай Харысавай. Адкуль бяруцца заторы ў горадзе? У чым унікальнасць гродзенскага трафіку? Навошта вам уласны аўтамабіль? У тралейбусы ў раніцу не праціснуцца: ці гэта натуральная з’ява? Ці стане затораў менш, калі пашырыць дарогі? Што не так з гродзенскім грамадскім транспартам? Як платныя паркоўкі вырашаюць праблему затораў? Ці рэальна закрыць цэнтр для аўтамабіляў? Інастаграм Аліны Харысавай: https://www.instagram.com/alinaharisov/Праект «Яна/Ёй»: https://www.instagram.com/yana.joj/Выпуск падкаста пра камфортны грамадскі транспарт: https://cozycity.mave.digital/ep-3
З жывёламі ў горадзе мы сутыкаемся ў дзвюх сітуацыях: калі гэта хатнія жывёлы на шпацыры або калі гэта галодныя бадзяжныя жывёлы. Да першых у нас часцей за ўсё няма ніякіх прэтэнзій, а вось пра бадзяжных прынята лічыць, што яны разносяць хваробы, нападаюць на людзей і проста псуюць вуліцы сваім няшчасным выглядам. Аб тым, як хатнія жывёлы пераўтвараюцца ў бадзяжных, што трэба ўсім чацвераногім у нашых гарадах і хто насамрэч пераносіць хваробы, пагаварылі з Марыяй – эксперткай Менскай урбаністычнай платформы.Адкуль у горадзе бяруцца бадзяжныя сабакі і каты? Дзе па законе можна выгульваць сабак? Хто мусіць плаціць падатак за жывёлу? Дзе котка можа атрымаць пашпарт? Чаму ў коткі больш шанцаў выжыць у горадзе, чым у сабакі? Навошта сабака вашых суседзяў увесь час вые? Што рабіць з бадзяжнымі жывёламі? Ці праўда, што сабакі – галоўныя пераносчыкі шаленства?
Некаторыя задумваюцца: ці можам мы таксама заняцца ўрбаністыкай, як героі «Утульнага горада»? Кароткі адказ: так! Шмат хто атрымлівае вышэйшую адукацыю ў гэтым кірунку: паступае на архітэктурную або ўрбаністычную спецыяльнасць. Аднак нават прыклад нашых запрошаных экспертаў паказвае, што ў гэтым няма неабходнасці. Некаторыя людзі становяцца гарадскімі актывістамі без дыплома.Абмяркоўваем, як займацца ўрбаністыкай разам з архітэктаркай-урбаністкай Віялетай Масаловай.Куды пайсці вучыцца ўрбаністыцы?У чым адрозніваецца ўрбаністыка ад урбанізма?Чым адрозніваецца архітэктурная адукацыя «у нас» і «у іх»?Каб назвацца ўрбаніст_кай, трэба мець дыплом?Што пачытаць пра ўрбаністыку?Чаму варта адпісацца ад Варламава?Карысныя спасылкі пра ўрбаністыку: Узгаданы выпуск з урбаністкай Ілонай Эльяшэвіч (https://hrodna.life/2022/10/24/cozy-city-podcast-ep12/)Менская ўрбаністычная платформа (https://www.mienskurban.space/)Выдавецтва з кніжкамі пра ўрбаністыку (https://store.strelka.com/books)Юцюб-канал урбаніста Андрэй Ялбаева (https://www.youtube.com/@yelbayev/videos)
loading
Комментарии (1)

Роман Елисеенко

Дзякуй! Вельмі файны падкаст!

Oct 29th
Ответить
Загрузить из Google Play
Загрузить из App Store