DiscoverЛітрадыё
Літрадыё

Літрадыё

Author: litradio.by

Subscribed: 65Played: 1,429
Share

Description

Серыя падкастаў Літрадыё

"Адкуль бяруцца кнігі" — падкаст, у якім пісьменнікі і пісьменніцы дзеляцца жыццёвымі гісторыямі ды прыадкрываюць таемную механіку творчасці.
"Супердудко" — самы суб'ектыўны аўтарскі падкаст пра беларускую літаратуру. Татальная густаўшчына і лепшыя суразмоўцы на гэтай/той палове Беларусі.
"Каля літаратуры" — размовы пра літаратуру і не толькі.
43 Episodes
Reverse
Мастацтва і рэлігія — прыяцелі ці ворагі? Ці павінны святары цэнзураваць мастацкія творы? Ці мусіць пісьменнік трымацца хрысціянскіх прынцыпаў? І што кажа царква наконт таго, што аўтары ў сваім мастацкім свеце часам спараджаюць пачвар?На ўсе гэтыя пытанні паспрабуе адказаць айцец Андрэй Крот — грэка-каталіцкі святар і вядучы праграмы “Хрысціянства і беларуская літаратура” на Ватыканскім радыё. Чым яму падабаюцца размовы з няверуючымі, як ставіцца да дэпрэсіўнай літаратуры тыпу вершаў Шарля Бадлера і чаму зло — гэта не самастойная сіла, а “недахоп дабра”, — пра ўсё гэта айцец Андрэй раскажа ў падкасце.
Інстаграм-блог “Кніжныя размовы” нарадзіўся ў Мінску як рэакцыя на кавід і шчасліва існуе ўжо чатыры гады, за якія істотна пашырыўся, павялічыў аўдыторыю, а яго аўтарка Кацярына нават пераехала з сям’ёй у іншую краіну. Пры гэтым яна прызнаецца, што чытае кнігі паміж прасаваннем, гуляннем з дзецьмі ў пясочніцы і паходамі ў краму, а допісы стварае без усялякага кантэнт-плана і SMM-стратэгіі. Хто ж гэтая таямнічая Кацярына, да кніжных парадаў якой прыслухоўваюцца яе дзве тысячы падпісчыкаў — аматараў навінак літаратуры па-беларуску? І чаму гэты як быццам бы нішавы “мамскі блог” прыцягвае ўсё больш і больш тых, хто цікавіцца беллітам? Слухайце — і чарговы раз пераканаецеся: рабі тое, што любіш, а астатняе складзецца само.
Трэнды дызайну нараджаюцца ў сферы тэхналогій, каб потым доўгімі шляхамі трапіць у культурніцкія праекты. Праваднікі гэтых трэндаў у беларускім культурным асяроддзі Саша Пажытак і Ігар Юхневіч завіталі ў падкаст “Каля літаратуры”. І распавялі, як гістарычныя траўмы беларусаў паўплывалі на “духоту белорусского дизайна”, як адрозніць з’явы імпульсныя ад рэзанансных і як трапіць кніжнай вокладкай у Zeitgeist. Размова склалася нібыта дыджэй-сэт: няспешна, але ўпэўнена героі вагаюцца на хвалях разважанняў. Ад глабальных праблем да прыватных міжсабойных спрэчак, ад функцыянальнага мінімалізму да саламяных павукоў, ад праблемы нязручнай вокладкі да таго, як прыцягнуць увагу ў інстаграме. Слухайце і натхняйцеся.
Кнігі Ганны Янкуты паўстаюць з загадак, якія аўтарка прыдумляе для самой сябе і з дапытлівасцю выдатніцы спрабуе разгадаць. Пачынала яна з дзіцячых казак — серыі пра Ката Шпрота і аповесці “Марта і яе мара пра снег”, — у якія змясціла дэтэктыўны сюжэт. Потым паставіла перад сабой новую задачу і, не будучы паэткай, стварыла зборнік вершаў паводле беларускай Канстытуцыі. Апошняя на сёння кніга Ганны Янкуты — аўтафікшн пра вымушаную эміграцыю “Час пустазелля” — таксама выклік. Бо аўтарка ўпершыню не хавалася за персанажамі, а шчыра фіксавала пераломныя падзеі ад першай асобы.   У новым выданні падкасту Ганна распавядае пра страх пачуць сябе, пра неідэальныя тэксты, важнасць дысцыпліны, алкаголь як мінус-прыём, а таксама пра розныя бакі пісьменніцтва, якое адначасова — спосаб узаемадзеяння са светам і бясконцы гандаль з самой сабой.
Новая госця найсуб'ектыўнейшага падкасту пра беларускую літаратуру — Ірына Гарошка. У расійскім выдавецтве “Стеклограф” выходзіць яе дэбютны раман “Селфхарм”, да якога яна ішла болей за дзесяць гадоў. Даведаемся, чаму так доўга і ці дапамаглі ў гэтым курсы пісьменніцкага майстэрства. Ірына Гарошка ў 2014 годзе ўвайшла ў лонг-ліст расійскай прэміі “Дэбют” з цыклам апавяданняў, а ў 2024 годзе выдае дэбютны раман. Мы пагутарылі з Ірынай пра жанр "раман-перформанс", асаблівасці аўтафікшн і жаночай прозы, сучасныя трэнды ў літаратуры, метамадэрн і пра шмат чаго яшчэ. Тэлеграм-канал аўтаркі: ⁠https://t.me/iryna_goroshko
Генрых Кіршбаўм правёў дзяцінства ва Уладзівастоку і Алматы, але даўно жыве ў Берліне, а сваю дэбютную кніжку эсэ — “Беларускі брыкалаж” — наогул прысвяціў актуальным падзеям у Беларусі (першапачаткова яна выйшла па-нямецку, а па-беларуску пабачыла свет дзякуючы перакладу славісткі, паэткі, літаратуразнаўцы Яраславы Ананка). Сёння прафесар-славіст Фрайбургскага ўніверсітэта ў сваіх навуковых пошуках усё часцей звяртаецца да беларускага кантэксту, беларускіх твораў і аўтараў. У размове для Litradio спадар Генрых апавядае, як выношваў задуму напісаць кнігу пра беларусаў XIX стагоддзя, а напісаў пра беларусаў XXI-га, чаму жанр эсэ лепш перадае дух часу, чым  “гатовы прыгожанькі наратыў”, а таксама чаму будаваць сваю ідэнтычнасць вакол ідэй “залатога нацыяльнага мінулага” — трэнд мінулых часоў. А таксама — што такое дэкаланізацыя, як майстэрства французскіх эсэістаў “правісаць ва ўласным даданым сказе” дае чытачу магчымасць пашырыць гарызонты мыслення і пра што ж нарэшце кніга “Беларускі брыкалаж”. Litradio.by
Паэзія Віктара Жыбуля — гратэскны парадаксальны свет, сплецены са сноў, алегорый і страшных дзіцячых фантазій. Іранічныя, на першы погляд, вершы дапамагаюць аўтару асэнсоўваць сумныя падзеі, пераадольваць экзістэнцыйныя тупікі і нават суняць фізічны боль. Усё, што адбываецца ў жыцці, можна давесці да абсурду, мяркуе паэт. Амаль усё, бо часам рэальнасць абсурдная настолькі, што яе не пераабсурдзіш.   Віктар Жыбуль пачаў пісаць вершы ў дзяцінстве, пра якое ў гэтым выданні падкасту згадвае шмат. А яшчэ распавядае пра тое, як у часы “Бум-Бам-Літу” знайшоў сваю перфарматыўную манеру чытання, чаму баіцца мёртвых дрэваў і як разам з Верай Бурлак з адной абдрукоўкі прыдумаў мастацкі кірунак улапішызм
Мелодыка перакладаў Кацярыны Маціеўскай улюбіць у беларускую мову самага нячуйнага да слова чытача. А трапнасць знойдзеных ёй вобразаў-аналагаў уражвае нават тых, хто далёкі ад паэзіі. Адкуль бярэцца гэты цуд? Якім чынам Каця пасля перакладаў сусветнай класікі рашылася на перастварэнне поп-бестселера “Вядзьмар”? Чым развіццё тэхналогій дапамагае перакладчыку (але ніколі яго не заменіць)? І як (не) правальваць дэдлайны? Слухайце ў нашай размове.
Валянцін Акудовіч — “няправільны” філосаф, метафізік і валацуга, мысляр ды імправізатар, хросны бацька “Бум-Бам-Літу”, майстар спорту па спартовым турызме. Ён растлумачыць, чаму кінуў пісаць мастацкую прозу, навошта філосафу вандроўкі, і давядзе пра ўнікальнасць з'явы “Бум-Бам-Літу” ў сістэме беларускай літаратуры. Таксама даведаемся пра стаўленне героя да мястэчка Свіслач — малой радзімы, раненне ў вока, адрозненне экзістэнцыялізму ад метафізікі. Ну і, канечне, чаму "мяне няма". Купіць кнігу Валянціна Акудовіча "Мяне няма. Роздумы на руінах чалавека" Litradio.by
Уладзь Лянкевіч — паэт-музыка. І творчы працэс абедзвюх гэтых праяваў непадзельны. Вершы часта сыходзяць у зонгі гуртоў “TonqiXod”, “Люты Сакавік”, “Сіндром Самазванца”, а мелодыка неадрыўная ад сэнсаў. Паэзія Уладзя Лянкевіча калючая, няроўная, яна фіксуе тахікардычную пульсацыю сённяшняга часу. Па жыцці ж Лянкевіч прытрымліваецца прынцыпу “глядзець наперад і не азірацца”.    У новым выданні падкасту Уладзь распавядае пра страх вады, якой на вокладцы ягонай кнігі 70 адсоткаў. Пра Менск, што заўжды побач як адсутная велічыня. Пра вершы, напісаныя пасля зняволення. Пра хваробу і выцясненне кепскіх успамінаў. А таксама пра тое, як, дзякуючы Андрэю Хадановічу, у юнацтве пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай і адкрыў для сябе няпафасную беларушчыну.  Litradio.by
Да “Супердудко” завітала паэтка і перакладчыца Марыя Мартысевіч з размовай пра герояў беларускага метамадэрну, кэнсэлінг з булінгам, “Сарматыю” і “Гарэзлівы пацалунак”. Мартысевіч лічыць сябе першай беларускай метамадэрністкай, разважае пра неабходнасць кэнселінгу для стварэння інстытута рэпутацыі і агучвае мары аб кніжцы пра булінг. Таксама цягам размовы можна даведацца пра вобраз ідэальнай Беларусі ў янг-эдалт рамане “Гарэзлівы пацалунак” і зразумець, чаму Марыю называюць “абсалютным злом беларускага інтэрнэту”. Litradio.by
Мастачка Лізавета Лянкевіч робіць нечакана прывабнымі заезджаныя творы белліту: удыхнула новае жыццё ў “Новую зямлю”, аднавіла “Палескіх рабінзонаў”, упрыгожыла “Шляхціца Завальню”. Дзякуючы яе ілюстрацыям, гэтыя кніжкі зноў ахвотна купляюць і пераасэнсоўваюць. Але шлях да гэтых праектаў быў даволі пакручасты: трэба было пасля Акадэміі мастацтваў наважыцца выправіцца ў вольнае плаванне, пазмагацца са спакусай маляваць для айці-карпарацый і прыняць як факт нестабільнасць жыцця вольнага мастака. Як Лізе гэта ўдалося — слухайце ў падкасце. Litradio.by
Новы госць "Супердудко" філосаф, паэт, празаік, аўтар прарыўнога рамана беларускай літаратуры "Хвілінка" Ігар Бабкоў. Ігар правядзе экскурсію па беларускай метафізіцы. Раскажа, колькі разоў перачытвае кожны сказ сваіх твораў, каб дасягнуць дасканаласці, чым яму блізкія Картасар, Сэлінджэр і Борхес і чаму не ставіцца з пагардай да дзяржаўнай літаратуры. Litradio.by
Валер Гапееў — пісьменнік, які закрывае патрэбу беларускага чытача ў захапляльных жанрах і аднолькава якасна піша дэтэктывы, містыку, фэнтэзі, дзіцячую і падлеткавую літаратуру. Жанравы раманіст Валер Гапееў раскажа, чаму ягоная першая кніжка выйшла, калі яму ўжо было за сорак, як ад аповесцяў і апавяданняў прыйшоў да раманаў (якіх мае ўжо ці не найбольш за ўсіх сучасных беларускіх аўтараў), пра эротыку, якой прасякнута ягоная проза. А таксама пра сэксізм, нечакана выяўлены у кніжках Гапеева аўтарам падкасту. Усе падкасты "Літрадыё" Litradio.by
Дзяніс Марціновіч — прафесійны гуманітарый у трэцім пакаленні, гісторык, культурны журналіст і тэатральны крытык — завітаў у падкаст “Каля літаратуры”, каб распавесці пра сваю новую кнігу пра сакратара кампартыі БССР Мікалая Слюнькова. Здаецца, што тут асаблівага? Але калі ўлічыць, што ў Беларусі не абараняюць дысертацыі па перыядзе перабудовы, бо гэта занадта “новы” перыяд, а многія архівы дагэтуль закрытыя, зразумееш, што напісаць такую кнігу — той яшчэ выклік. Чаму ён выбраў менавіта гэтага героя, але не патэлефанаваў яму, каб узяць інтэрв’ю? Чаму беларуская гуманітарыстыка заўсёды была і ёсць нечым накшталт элітарнага хобі і калі на прылаўках беларускіх кнігарань з’явяцца папулярныя біяграфіі ды навуковыя кнігі, напісаныя даступнай “чалавечай” мовай, — Дзяніс Марціновіч адкажа ў нашай размове. Усе падкасты "Літрадыё" Litradio.by
Другі сезон "Супердудко" адкрывае музыка праектаў Polyn, Port Mone, SK.EIN, а з нядаўняга часу пісьменнік і аўтар кнігі "Забыть в электричке" — Сяргей Краўчанка. Сяргей раскажа, як ствараліся тэксты гурта Polyn, чаму мастацтва болей нічога не вартае, ці можна рабіць літаратуру пры дапамозе фэйсбука і чаму карысна чытаць гісторыю старажытнага свету. А таксама назаве асабісты топ беларускіх месцаў і адкажа, "як гэта любіць". Усе падкасты "Літрадыё" Litradio.by
Пісьменніца Ева Вежнавец у звычайным жыцці — журналістка і даследчыца Святлана Курс. Але ў размове з ёй адразу разумееш, што насамрэч ўсё ейнае жыццё — літаратурнае: яна быццам дыхае вобразамі, з яе ліюцца гісторыі.  Пры гэтым спадарыня Ева — з тых пісьменніц, якія даткліва ставяцца да слова і лічаць, што ў тэксце, як у аўтамаце, не можа быць лішніх дэталяў. Яна аўтарка дзвюх тонкіх, але важкіх кніжак, кожную з якіх пісала 10 гадоў, — “Шлях дробнай сволачы” і “Па што ідзеш, воўча?”. Апошнюю ўжо называюць адным з найважнейшых твораў сучаснай беларускай літаратуры. Напісаны ў жанры “балотная казка”, гэта канцэтраваны і палынна-горкі экскурс у гісторыю 20 стагоддзя, якая ненажэрным ваўком бясконца прыходзіць па жыхароў беларускай глушы.    Акурат у маленькай вёсцы на Любаншчыне прайшло дзяцінства пісьменніцы, з якога яна памятае гарбузовыя палі і велічэзнага быка, стогадовых бабуляў, якія сталі для яе галоўнымі ўніверсітэтамі, і смерць, што з малых гадоў была навідавоку. Менавіта з дзяцінства ў пісьменніцы засталося пачуццё адчужанасці ад людзей і любоў да балотаў і “задуп’яў”.   У новым выпуску падкасту Ева Вежнавец дзеліцца важнымі момантамі дзяцінства, а таксама распавядае, як зрабіла выбар “піць або жыць”, як закахалася ў мужчыну з фігурай Давіда, чаму з асцярожнасцю піша пра магію ды іншасвет і як яна, быццам скульптарка, з глыбы нататак і матэрыялаў выцясала свой самы значны на сёння твор. Усе падкасты "Літрадыё" Litradio.by
Іспанія і Беларусь — як дзве розныя планеты, але, калі прыгледзецца, акажацца, што паміж імі шмат агульнага. Не па чутках гэта ведае Анхела Эспіноса — дзяўчына з Іспаніі, якая свядома вырашыла звязаць сваё жыццё з Беларуссю і стаць адным з тых рэдкіх спецыялістаў, якія аднолькава добра валодаюць беларускай мовай і іспанскай.  У інтэрв’ю Анхела разбурае стэрэатыпы пра іспанскую жарснасць і беларускую памяркоўнасць, анансуе кнігу вершаў, якую плануе прэзентаваць сёлета, а таксама дзеліцца назіраннямі, як рэпрэсіі ўплываюць на вынаходлівасць аўтараў.
Наста Карнацкая — новаспечаная эмігрантка, нязменная кампаньёнка выдаўца Андрэя Янушкевіча, вялікая аматарка чытання і падкастаў — завітала да нас, каб расказаць пра свой раман з літаратурай, каму патрэбныя яе падкасты і ці падштурхоўвае праца ў кнігарні да напісання ўласных кніг.
Ілля Сін прыйшоў у літаратуру ў чатырнаццаць гадоў і стаў самым маладым удзельнікам першага пакалення Бум-Бам-Літа, знакамітага літаратурнага руху дзевяностых гадоў. Што гэта быў за рух, якія ў яго былі правілы, і чаму ён хаваў у сабе небяспеку для беларускага літпрацэсу тых часоў? Таксама пагутарым пра ўплыў індустрыяльнай музыкі на літаратуру і пра духоўнае ў мастацтве. Ілля Сін — празаік-авангардыст, перформер, лаўрэат прэміі Гедройца за раман “Libido”. Удзельнік шматлікіх мастацкіх суполак, Ілля заўсёды схіляўся да радыкальных мастацкіх выказванняў, але апошнім часам прыйшоў да сюжэтнай прозы, што прынесла яму прэмію Гедройца.
loading
Comments (5)

Kasia

Дзякуй за выпуск! Кацярына непаўторная. Дужа цікава яе слухаць. І вялікая асалода чытаць ейныя пераклады. Так і перадайце :) ❤️

Jul 26th
Reply

Kasia

Было цікава, дзякуй! Запрашайце яшчэ мастачак і мастакоў :)

May 27th
Reply

Kasia

Вельмі цікавы выпуск, дзякуй!

May 19th
Reply

Іллюк

Добрая размова. Цікавы, чаканы выпуск. Дзякуй

Apr 3rd
Reply

Kasia

Дужа цікава, дзякуй!

Oct 20th
Reply