Талочка Алена Іванаўна аг. Дэмбрава
Description
Талочка Алена Іванаўна нарадзілася 13 ліпеня 1936 года. У 1943 годзе, ей споўнілася 8 гадоў, у сям'і іх было шасцёра дзяцей, адно пад адно. I бацькам нялёгка было іх накарміць, уратаваць ад бяды. А яна добра помніць, што вельмі баялася, каб ворагі не забралі ці не забілі маму, без яе дзеці не ўяўлялі само жыцце, зямлю, сонца, дзень сённяшні і заўтрашні.
I вось аднойчы яе мама пайшла кіламетры за тры, праз лес, да ракі Котры, дзе па берагах былі лугавыя травы, расло многа прыдатнага для хатняй жывёлы корму, які жанчыны жалі і неслі на плячах, знемагаючы ад цяжару. Каля вескі ўсё землі былі прыватныя, а травы разлічаны на нарыхтоўку кармоў на зіму.
Нажаўшы зелля і травы, яна ўскінула цяжкую ношу на плечы і выйшла на дарогу. На палавіне шляху яе спынілі партызанскія дазорныя і не дазволілі ісці ў вёску, затрымалі і нават прыставілі варту, каб не збегла.
Мама не прыйшла дадому і ўвечары, яны плакалі, ад адчаю не маглі заснуць, трывожна прыслухоўваліся да кожнага гуку, стуку, шораху...
Пад раніцу хтосьці ціхенька пастукаў у акно. Яна разбудзіла бацьку, сказала, што хтосьці прыйшоў, хоча, каб пусцілі ў хату, а яна баіцца падыходзіць, каб паглядзець. Бацька выйшаў на двор і неўзабаве вярнуўся разам з мамай. Яна абнімала іх і плакала. Пазней расказала, што партызаны ў той дзень ішлі ад вёскі Шчанец у Скідаль, для дыверсій на чыгунцы. Яны былі звязаны са скідальскім падполлем і па здабытых падпольшчыкамі дадзеных мініравалі чыгунку, вагоны. Партызаны павінны былі неўзабаве вярнуцца з баявога задання, і ўсё неабходна было прадугледзець, каб забяспечыць, поспех аперацыі і зберагчы людзей. Калі позна ноччу вярнуліся партызаны, яе маму адпусцілі, праз лес да вёскі яе суправаджаў Козун Аляксей, іх дальні сваяк, які таксама хадзіў на чыгунку...
Добра памятае Алена Іванаўна дні, калі ў маі 1944 года ўсе вяскоўцы хаваліся ў лесе, забраўшы коней і кароў. Было вельмі дажджліва, холадна, ветрана. У наспех зробленых шалашах немагчыма было схавацца ад непагадзі, але ніхто не скардзіўся, не хныкаў, нават дзеці, бо гэта было нішто ў параўнанні з адступаючымі фашыстамі.
А вызваліцеляў сустракалі як самых дарагіх гасцей. Стараліся накарміць, дапамагчы параненым, якіх везлі ў шпіталі ў Скідаль і Гродна.
І разам з наступаючымі войскамі ішлі на фронт вясковыя мужчыны і хлопцы прызыўнога ўзросту…
Многія з іх загінулі, вызваляючы Заходнюю Еўропу. Непапраўна дорага заплацілі людзі за мір, парушаны фашызмам. Трэба, каб гэты УРОК ГІСТОРЫІ стаў павучальным на вякі.