Клышэвіч (Пятрова) Марыя Фёдараўна аг. Дэмбрава
Description
Клышэвіч (Пятрова) Марыя Фёдараўна нарадзілася ў вёсцы Баяры Клічаўскага раёна Магілёўскай вобласці 20 жніўня 1933. Пасля заканчэння педагагічнага вучылішча была накіравана на работу ў Шчучынскі раён, з якім звязала ўсё сваё жыццё.
Яна вельмі добра памятае падзеі Вялікай Айчыннай вайны. У 1941 годзе ей споўнілася 7 гадоў, малодшай сястры Ефрасінні - 4 гады. Яны прачнуліся ад плачу ў хаце. Галашэнне запоўніла ўсю вёску.
Вайна! Яны не вельмі разумелі яшчэ, якая трагедыя прыйшла на нашу зямлю, але трывога і страх перапаўнялі душу.
Усе мужчыны ў вёсцы і іх бацька, Пятроў Фёдар Нікіфаравіч (яму споўнілася 35 год), не чакаючы павестак з ваенкамата, сабралі рэчавыя мяшкі і на павозках паехалі ў Клічаў. У бацькі быў семнаццацігадовы брат Аляксандр, і ён таксама пайшоў прасіцца на фронт. Жанчыны ішлі за павозкамі аж у райцэнтр. Да восені 1943 года мясцовасць была акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі, пагэтаму ніхто не атрымліваў пісем з фронта, але яны жылі думкамі і трывогай за іх. І чакалі, чакалі сваіх вызваліцеляў…
Аднаму з братоў бацькі, Андрэю, выпала вызваляць сваю вёску. Помняць яго ўсяго ў ардэнах і медалях. А вось вярнуўся пасля вайны толькі адзін франтавік–інвалід з Ташкентскага шпіталю, іх дзядзька Саня, той самы семнаццацігадовы добраахвотнік 1941 года. Вестка гэта абляцела навакольныя вёскі, і людзі ішлі за 10 – 20 верст, каб паглядзець на чалавека, які вярнуўся з вайны. Сапраўды, быў “один мужик на сорок деревень”…
А з другога прызыву (восень 1943 года) вярнуліся толькі два пакалечаныя раненнямі хворыя мужчыны.
Успамінаючы ваенныя гады, яна дзівіцца і схіляе галаву перад масавым патрыятызмам і самаахвярнасцю нашых людзей.
Яны не чакалі загаду ці распараджэння дзяржаўных органаў, самі прымалі адзіна правільнае ў той момант рашэнне, і самі яго выконвалі: добраахвотна ішлі на фронт, гналі статкі жывёлы на Смаленск, хавалі і лячылі параненых байцоў, ішлі ў партызанскія атрады, дапамагалі партызанам харчам, адзеннем…
Так бацька і сын Астаньковічы пагналі на Смаленск статак і абодва загінулі ў час налёту нямецкіх самалётаў.
Гаўрыленка Арына хавала і лячала двух байцоў – масквічоў, разыкуючы жыццём усёй сям’і.
Па суседству з імі жыла сям’я сакратара Клічаўскага райкома партыі Банчыкава, які ўзначальваў кіраўніцтва партызанскім рухам у раёне з першых дзён вайны. Яго жонка Юлія Максімаўна, яе маці і сёстры былі сувязнымі партызанскага атрада, здабывалі неабходныя звесткі аб размяшчэнні ворага, руху жывой сілы і тэхнікі.
Усе жылі, нібы адна сям’я. Ніхто не закрываў хату на замок, і не было ніводнага выпадку крадзяжу, а калі да каго прыходзіла бяда, падтрымлівалі і дапамагалі ўсім сялом. Марыя Фёдараўна ўпэўнена, што гэта і ёсць адна з важнейшых прычын нашай Перамогі.