DiscoverЛітрадыё
Літрадыё

Літрадыё

Author: litradio.by

Subscribed: 71Played: 1,902
Share

Description

Серыя падкастаў Літрадыё

"Адкуль бяруцца кнігі" — падкаст, у якім пісьменнікі і пісьменніцы дзеляцца жыццёвымі гісторыямі ды прыадкрываюць таемную механіку творчасці.
"Супердудко" — самы суб'ектыўны аўтарскі падкаст пра беларускую літаратуру. Татальная густаўшчына і лепшыя суразмоўцы на гэтай/той палове Беларусі.
"Каля літаратуры" — размовы пра літаратуру і не толькі.
51 Episodes
Reverse
Юля Цімафеева — паэтка, урошчаная каранямі ў свой род і зямлю. Менавіта вясковае дзяцінства дало Юлі сапраўды экзістэнцыйныя назіранні — нараджэння і памірання ўсяго жывога або прыгажосці зорак. І як бы далёка аўтарка ні была ад дому, вёска бясконца праяўляецца ў яе вершах вытанчанымі і змрочнымі вобразамі.  Паэзія Юлі — шмат у чым дакументальная, заснаваная на маленькіх гісторыях, на аскепках памяці. Нядаўна яна скончыла новую кнігу вершаў, у якой паводле лістоў і сведчанняў блізкіх піша сваю гісторыю выгнання — высялення яе сям’і з вёскі, якая апынулася ў зоне адчужэння.   У чарговым выданні падкасту Юля Цімафеева распавядае пра дакументальную паэзію, якая згладжвае рэчаіснасць. Як пісала “Менскі дзённік” у пальчатках ангельскай мовы. Пра мастацтва Ансельма Кіфера і Луіз Буржуа, якія заўжды натхняюць. А таксама тлумачыць, навошта чытае ўсе раманы Альгерда Бахарэвіча ўголас і як яе захапаленне калажамі звязана з траўмай эміграцыі.
Андрэй Хадановіч — паэт-інтэлектуал-геданіст. Што б ні ўяўлялі сабой ягоныя тэксты: сентыментальныя карцінкі дзяцінства, постмадэрнісцкія пазлы з цытат, хуліганскія жарты, любоўныя лісты, падарожныя дзённікі або нататкі таткі — усе яны паходзяць са шчырага захаплення жыццём. Аўтар даводзіць, што паэзія можа расці не толькі з болю, але і з радасці. Са шчасця быцця, якім ён гатовы падзяліцца з чытачом. Што праўда траўматычны час усё ж накладае свой адбітак: апошнія вершы Хадановіча нашмат менш гуллівыя. Але ўсё адно грэюць і даюць надзею.  У новым выданні падкасту Андрэй Хадановіч распавядае пра дзяцінства пад грукат бацькавай друкаркі, пра самы паэтычны час — Каляды. Пра вершы, што пісаліся ў сне і ў ранішнім пахмеллі, пра жонку і дачку, а таксама пра тое, чаму ад прапыласошвання да пытанняў жыцця і смерці — паўтары метафары.
Сённяшні выпуск падкасту — нефарматны. Адкуль бяруцца кнігі, мы спыталі ў Альгерда Бахарэвіча. І ён адказаў маналогам пра сутнасць пісьменніцтва — адначасова адзінага ў свеце высакароднага падману, тэрыторыі поўнай свабоды і вельмі небяспечнага занятку. Думкі пра таямніцу творчасці ўвайшлі ў найноўшую кнігу аўтара “Папяровы Голем”. У новым выпуску падкасту Альгерд Бахарэвіч распавядае, як у шабаноўскім дзяцінстве ўсвядоміў уласную іншасць і даведаўся, што пісьменнікі бываюць не толькі мёртвыя. Разважае пра боль, з якога нараджаюцца кнігі, пра полымя амбіцый, уласцівае кожнаму аўтару. Пра раннія тэксты, якія хацеў бы забыць, пра эмпатыю і талент пераўвасаблення, веру ў натхненне і рытуал чытання ўголас. А таксама пра непаўторнае дыханне літаратуры, без якога аўтар не можа жыць ужо 30 гадоў.
Юля Арцёмава выдала дэбютную кніжку "Я и есть революция" ў выдавецкай ініцыятыве "Пфляўмбаўм", а цяпер піша аўтафікшн-кнігу, урывак з якой публікаваўся на “Літрадыё”. Яна раскажа, чаму не хоча выдаваць зборнік апавяданняў, пра ўласцівасці жанру аўтафікшн і што з ім не так. А таксама — ці панкавала, ці маюць цяпер жанчыны патрэбу чытаць мужчынскую літаратуру і, канешне, пра тое, што такое дзесяць Алегаў з дзесяці.
Зараслава Камінская — аўтарка трох кніг, у якіх захапляльна і вострасюжэтна, у форме дэтэктыва або містычнага трылера, распавядае пра невідавочныя скарбы беларускай культуры. Дэбютная аповесць “Русалкі клічуць” прысвечана загадкавай наіўнай мастачцы Алене Кіш, у зборніку “Калядны стол” успаміны дзяцінства пераплятаюцца з традыцыйнымі стравамі. А ў новым рамане “Па той бок” аўтарка ў рэаліях камп’ютарнай гульні паказвае пантэон беларускіх народных лялек, пра якія ўвогуле мала хто чуў.  Пісьменніца доўгі час працавала ў рэкламным агенцтве і ведае, як найлепш зрабіць прамоцыю таму, што падабаецца ёй самой. У новым выданні падкасту Зараслава распавядае, як з маленькай дачкой на руках умудрылася напісаць тоўсты раман. Пра Школу маладога пісьменніка, што дапамагла ёй паверыць у сябе. Пра рытуал пісання а 5-й раніцы, ратаванне літаратурай у цёмныя часы і любоў да хэпі-эндаў.
Вера Бакстэр — перакладчыца, галоўная рэдактарка выдавецкай ініцыятывы Nadja. Праект паўстаў у Мінску летам 2024 года. Nadja збіраецца быць архівам сюррэалісцкага пісьма: пераклады, меркаванні і гэтак далей. Мы распыталі, чаму менавіта Nadja, чаму менавіта сюррэалізм і хто быў першым і адзіным беларускім сюррэалістам. А таксама пра тое, чаму Далі не сапраўдны сюррэаліст і што такое ўвогуле сапраўдны сюррэалізм.
Света Бень — паэтка, сонграйтарка, музыка, акторка і тэатральная рэжысёрка. А таксама ўважлівая назіральніца за людзьмі, вандроўніца па кнігах і снах, натхнёная даследчыца штодзённасці — усё жыццё для яе няспынны творчы працэс. Менавіта творчасць — адзінае ратаванне ад бясконцага болю. Альбом “Прыём”, які Света Бень запісала разам з кампазітаркай Галяй Чыкіс, — пра чалавечую крохкасць, пра жах, безнадзейнасць і касмічную прыгажосць гэтага свету. І кожны канцэрт ператвараецца ў калектыўны сеанс пражывання нашай усеагульнай траўмы. Большасць тэкстаў альбома былі напісаныя даўно, але ў іх містычным чынам прарываецца адчуванне і прадчуванне сённяшніх падзеяў. У апошнія 10 год боль знутры і звонку толькі нарастае, таму аўтарка часам злуецца, калі сябры больш любяць ранейшыя жыццярадасныя песні часоў “Срэбнага вяселля”.  У новым выданні падкасту Света Бень распавядае пра каханне, якое, нягледзячы ні на што, жыве ў кожным вершы, пра дачок, якія для яе найлепшыя сябры і крытыкі, пра тэрапеўтычнасць паэзіі і веру ў людзей, якія па сваёй прыродзе добрыя.
Сёння ў найсуб'ектыўнейшым падкасце пра беларускую літаратуру — аўтарка Наста Манцэвіч. У 2012 годзе яе дэбютны зборнік “Птушкі” выклікаў шмат розгаласу за натуралізм, эмацыйную вастрыню і непадробную шчырасць. Неўзабаве выдавецкая ініцыятыва “Пфляўмбаўм” мае выдаць другую кнігу пісьменніцы. Наша размова — пра доўгія паўзы ў пісьме, адсутнасць ідэнтычнасці паэткі ці празаіка, і чаму цэнтральная метафара зборніка “Птушкі” такая злая і трывожная. Першую кнігу Насты Манцэвіч палічылі “скандальнай” і “правакатыўнай”. Аўтарка раскажа, чаму гэта былі гамафобныя рэакцыі і як з гэтым быць. А таксама пра сваё дзяцінства ў Вілейцы, чым так вабяць птушкі, пра крохкасць існавання, няўпэўненасць і немагчымасць аднаго чалавека ўзвысіцца над іншым.
Мастацтва і рэлігія — прыяцелі ці ворагі? Ці павінны святары цэнзураваць мастацкія творы? Ці мусіць пісьменнік трымацца хрысціянскіх прынцыпаў? І што кажа царква наконт таго, што аўтары ў сваім мастацкім свеце часам спараджаюць пачвар?На ўсе гэтыя пытанні паспрабуе адказаць айцец Андрэй Крот — грэка-каталіцкі святар і вядучы праграмы “Хрысціянства і беларуская літаратура” на Ватыканскім радыё. Чым яму падабаюцца размовы з няверуючымі, як ставіцца да дэпрэсіўнай літаратуры тыпу вершаў Шарля Бадлера і чаму зло — гэта не самастойная сіла, а “недахоп дабра”, — пра ўсё гэта айцец Андрэй раскажа ў падкасце.
Інстаграм-блог “Кніжныя размовы” нарадзіўся ў Мінску як рэакцыя на кавід і шчасліва існуе ўжо чатыры гады, за якія істотна пашырыўся, павялічыў аўдыторыю, а яго аўтарка Кацярына нават пераехала з сям’ёй у іншую краіну. Пры гэтым яна прызнаецца, што чытае кнігі паміж прасаваннем, гуляннем з дзецьмі ў пясочніцы і паходамі ў краму, а допісы стварае без усялякага кантэнт-плана і SMM-стратэгіі. Хто ж гэтая таямнічая Кацярына, да кніжных парадаў якой прыслухоўваюцца яе дзве тысячы падпісчыкаў — аматараў навінак літаратуры па-беларуску? І чаму гэты як быццам бы нішавы “мамскі блог” прыцягвае ўсё больш і больш тых, хто цікавіцца беллітам? Слухайце — і чарговы раз пераканаецеся: рабі тое, што любіш, а астатняе складзецца само.
Трэнды дызайну нараджаюцца ў сферы тэхналогій, каб потым доўгімі шляхамі трапіць у культурніцкія праекты. Праваднікі гэтых трэндаў у беларускім культурным асяроддзі Саша Пажытак і Ігар Юхневіч завіталі ў падкаст “Каля літаратуры”. І распавялі, як гістарычныя траўмы беларусаў паўплывалі на “духоту белорусского дизайна”, як адрозніць з’явы імпульсныя ад рэзанансных і як трапіць кніжнай вокладкай у Zeitgeist. Размова склалася нібыта дыджэй-сэт: няспешна, але ўпэўнена героі вагаюцца на хвалях разважанняў. Ад глабальных праблем да прыватных міжсабойных спрэчак, ад функцыянальнага мінімалізму да саламяных павукоў, ад праблемы нязручнай вокладкі да таго, як прыцягнуць увагу ў інстаграме. Слухайце і натхняйцеся.
Кнігі Ганны Янкуты паўстаюць з загадак, якія аўтарка прыдумляе для самой сябе і з дапытлівасцю выдатніцы спрабуе разгадаць. Пачынала яна з дзіцячых казак — серыі пра Ката Шпрота і аповесці “Марта і яе мара пра снег”, — у якія змясціла дэтэктыўны сюжэт. Потым паставіла перад сабой новую задачу і, не будучы паэткай, стварыла зборнік вершаў паводле беларускай Канстытуцыі. Апошняя на сёння кніга Ганны Янкуты — аўтафікшн пра вымушаную эміграцыю “Час пустазелля” — таксама выклік. Бо аўтарка ўпершыню не хавалася за персанажамі, а шчыра фіксавала пераломныя падзеі ад першай асобы.   У новым выданні падкасту Ганна распавядае пра страх пачуць сябе, пра неідэальныя тэксты, важнасць дысцыпліны, алкаголь як мінус-прыём, а таксама пра розныя бакі пісьменніцтва, якое адначасова — спосаб узаемадзеяння са светам і бясконцы гандаль з самой сабой.
Новая госця найсуб'ектыўнейшага падкасту пра беларускую літаратуру — Ірына Гарошка. У расійскім выдавецтве “Стеклограф” выходзіць яе дэбютны раман “Селфхарм”, да якога яна ішла болей за дзесяць гадоў. Даведаемся, чаму так доўга і ці дапамаглі ў гэтым курсы пісьменніцкага майстэрства. Ірына Гарошка ў 2014 годзе ўвайшла ў лонг-ліст расійскай прэміі “Дэбют” з цыклам апавяданняў, а ў 2024 годзе выдае дэбютны раман. Мы пагутарылі з Ірынай пра жанр "раман-перформанс", асаблівасці аўтафікшн і жаночай прозы, сучасныя трэнды ў літаратуры, метамадэрн і пра шмат чаго яшчэ. Тэлеграм-канал аўтаркі: ⁠https://t.me/iryna_goroshko
Генрых Кіршбаўм правёў дзяцінства ва Уладзівастоку і Алматы, але даўно жыве ў Берліне, а сваю дэбютную кніжку эсэ — “Беларускі брыкалаж” — наогул прысвяціў актуальным падзеям у Беларусі (першапачаткова яна выйшла па-нямецку, а па-беларуску пабачыла свет дзякуючы перакладу славісткі, паэткі, літаратуразнаўцы Яраславы Ананка). Сёння прафесар-славіст Фрайбургскага ўніверсітэта ў сваіх навуковых пошуках усё часцей звяртаецца да беларускага кантэксту, беларускіх твораў і аўтараў. У размове для Litradio спадар Генрых апавядае, як выношваў задуму напісаць кнігу пра беларусаў XIX стагоддзя, а напісаў пра беларусаў XXI-га, чаму жанр эсэ лепш перадае дух часу, чым  “гатовы прыгожанькі наратыў”, а таксама чаму будаваць сваю ідэнтычнасць вакол ідэй “залатога нацыяльнага мінулага” — трэнд мінулых часоў. А таксама — што такое дэкаланізацыя, як майстэрства французскіх эсэістаў “правісаць ва ўласным даданым сказе” дае чытачу магчымасць пашырыць гарызонты мыслення і пра што ж нарэшце кніга “Беларускі брыкалаж”. Litradio.by
Паэзія Віктара Жыбуля — гратэскны парадаксальны свет, сплецены са сноў, алегорый і страшных дзіцячых фантазій. Іранічныя, на першы погляд, вершы дапамагаюць аўтару асэнсоўваць сумныя падзеі, пераадольваць экзістэнцыйныя тупікі і нават суняць фізічны боль. Усё, што адбываецца ў жыцці, можна давесці да абсурду, мяркуе паэт. Амаль усё, бо часам рэальнасць абсурдная настолькі, што яе не пераабсурдзіш.   Віктар Жыбуль пачаў пісаць вершы ў дзяцінстве, пра якое ў гэтым выданні падкасту згадвае шмат. А яшчэ распавядае пра тое, як у часы “Бум-Бам-Літу” знайшоў сваю перфарматыўную манеру чытання, чаму баіцца мёртвых дрэваў і як разам з Верай Бурлак з адной абдрукоўкі прыдумаў мастацкі кірунак улапішызм
Мелодыка перакладаў Кацярыны Маціеўскай улюбіць у беларускую мову самага нячуйнага да слова чытача. А трапнасць знойдзеных ёй вобразаў-аналагаў уражвае нават тых, хто далёкі ад паэзіі. Адкуль бярэцца гэты цуд? Якім чынам Каця пасля перакладаў сусветнай класікі рашылася на перастварэнне поп-бестселера “Вядзьмар”? Чым развіццё тэхналогій дапамагае перакладчыку (але ніколі яго не заменіць)? І як (не) правальваць дэдлайны? Слухайце ў нашай размове.
Валянцін Акудовіч — “няправільны” філосаф, метафізік і валацуга, мысляр ды імправізатар, хросны бацька “Бум-Бам-Літу”, майстар спорту па спартовым турызме. Ён растлумачыць, чаму кінуў пісаць мастацкую прозу, навошта філосафу вандроўкі, і давядзе пра ўнікальнасць з'явы “Бум-Бам-Літу” ў сістэме беларускай літаратуры. Таксама даведаемся пра стаўленне героя да мястэчка Свіслач — малой радзімы, раненне ў вока, адрозненне экзістэнцыялізму ад метафізікі. Ну і, канечне, чаму "мяне няма". Купіць кнігу Валянціна Акудовіча "Мяне няма. Роздумы на руінах чалавека" Litradio.by
Уладзь Лянкевіч — паэт-музыка. І творчы працэс абедзвюх гэтых праяваў непадзельны. Вершы часта сыходзяць у зонгі гуртоў “TonqiXod”, “Люты Сакавік”, “Сіндром Самазванца”, а мелодыка неадрыўная ад сэнсаў. Паэзія Уладзя Лянкевіча калючая, няроўная, яна фіксуе тахікардычную пульсацыю сённяшняга часу. Па жыцці ж Лянкевіч прытрымліваецца прынцыпу “глядзець наперад і не азірацца”.    У новым выданні падкасту Уладзь распавядае пра страх вады, якой на вокладцы ягонай кнігі 70 адсоткаў. Пра Менск, што заўжды побач як адсутная велічыня. Пра вершы, напісаныя пасля зняволення. Пра хваробу і выцясненне кепскіх успамінаў. А таксама пра тое, як, дзякуючы Андрэю Хадановічу, у юнацтве пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай і адкрыў для сябе няпафасную беларушчыну.  Litradio.by
Да “Супердудко” завітала паэтка і перакладчыца Марыя Мартысевіч з размовай пра герояў беларускага метамадэрну, кэнсэлінг з булінгам, “Сарматыю” і “Гарэзлівы пацалунак”. Мартысевіч лічыць сябе першай беларускай метамадэрністкай, разважае пра неабходнасць кэнселінгу для стварэння інстытута рэпутацыі і агучвае мары аб кніжцы пра булінг. Таксама цягам размовы можна даведацца пра вобраз ідэальнай Беларусі ў янг-эдалт рамане “Гарэзлівы пацалунак” і зразумець, чаму Марыю называюць “абсалютным злом беларускага інтэрнэту”. Litradio.by
Мастачка Лізавета Лянкевіч робіць нечакана прывабнымі заезджаныя творы белліту: удыхнула новае жыццё ў “Новую зямлю”, аднавіла “Палескіх рабінзонаў”, упрыгожыла “Шляхціца Завальню”. Дзякуючы яе ілюстрацыям, гэтыя кніжкі зноў ахвотна купляюць і пераасэнсоўваюць. Але шлях да гэтых праектаў быў даволі пакручасты: трэба было пасля Акадэміі мастацтваў наважыцца выправіцца ў вольнае плаванне, пазмагацца са спакусай маляваць для айці-карпарацый і прыняць як факт нестабільнасць жыцця вольнага мастака. Як Лізе гэта ўдалося — слухайце ў падкасце. Litradio.by
loading
Comments (5)

Kasia

Дзякуй за выпуск! Кацярына непаўторная. Дужа цікава яе слухаць. І вялікая асалода чытаць ейныя пераклады. Так і перадайце :) ❤️

Jul 26th
Reply

Kasia

Было цікава, дзякуй! Запрашайце яшчэ мастачак і мастакоў :)

May 27th
Reply

Kasia

Вельмі цікавы выпуск, дзякуй!

May 19th
Reply

Іллюк

Добрая размова. Цікавы, чаканы выпуск. Дзякуй

Apr 3rd
Reply

Kasia

Дужа цікава, дзякуй!

Oct 20th
Reply