Зараслава Камінская / Адкуль бяруцца кнігі
Description
Зараслава Камінская — аўтарка трох кніг, у якіх захапляльна і вострасюжэтна, у форме дэтэктыва або містычнага трылера, распавядае пра невідавочныя скарбы беларускай культуры. Дэбютная аповесць “Русалкі клічуць” прысвечана загадкавай наіўнай мастачцы Алене Кіш, у зборніку “Калядны стол” успаміны дзяцінства пераплятаюцца з традыцыйнымі стравамі. А ў новым рамане “Па той бок” аўтарка ў рэаліях камп’ютарнай гульні паказвае пантэон беларускіх народных лялек, пра якія ўвогуле мала хто чуў. Пісьменніца доўгі час працавала ў рэкламным агенцтве і ведае, як найлепш зрабіць прамоцыю таму, што падабаецца ёй самой.
У новым выданні падкасту Зараслава распавядае, як з маленькай дачкой на руках умудрылася напісаць тоўсты раман. Пра Школу маладога пісьменніка, што дапамагла ёй паверыць у сябе. Пра рытуал пісання а 5-й раніцы, ратаванне літаратурай у цёмныя часы і любоў да хэпі-эндаў.