Ганна Янкута / Адкуль бяруцца кнігі
Description
Кнігі Ганны Янкуты паўстаюць з загадак, якія аўтарка прыдумляе для самой сябе і з дапытлівасцю выдатніцы спрабуе разгадаць. Пачынала яна з дзіцячых казак — серыі пра Ката Шпрота і аповесці “Марта і яе мара пра снег”, — у якія змясціла дэтэктыўны сюжэт. Потым паставіла перад сабой новую задачу і, не будучы паэткай, стварыла зборнік вершаў паводле беларускай Канстытуцыі. Апошняя на сёння кніга Ганны Янкуты — аўтафікшн пра вымушаную эміграцыю “Час пустазелля” — таксама выклік. Бо аўтарка ўпершыню не хавалася за персанажамі, а шчыра фіксавала пераломныя падзеі ад першай асобы.
У новым выданні падкасту Ганна распавядае пра страх пачуць сябе, пра неідэальныя тэксты, важнасць дысцыпліны, алкаголь як мінус-прыём, а таксама пра розныя бакі пісьменніцтва, якое адначасова — спосаб узаемадзеяння са светам і бясконцы гандаль з самой сабой.