Міхаіл Волчак: Хачу развіваць пчалярства, звязанае з экалогіяй
Description
У кастрычніку завяршыўся пчалярскі сезон. Але што гэта азначае для саміх пчол і для тых, хто імі займаецца? Ці адрозніваецца пчалярства ў Беларусі і ў Польшчы? Як вызначаецца перыяд заканчэння збору мёду? І чаму знікаюць мясцовыя сярэднееўрапейскія пчолы? На гэтыя і іншыя пытанні шчыра адказвае пчаляр, сацыятэхнік і незалежны даследчык Міхаіл Волчак у гутарцы з Юліяй Сівец.
<figure class="wp-block-image size-large">

РР: Адкуль цікаўнасць да пчалярства?
Міхаіл Волчак: Насамрэч, магу так сказаць, што нават мне самому складана сказаць, з чаго гэта ўсё пачалося. Культура ж такая, мы жывем у культуры, якая на нас уздзейнічае, і дзядулі, і бабулі, і нейкія прыклады цікавыя, і сацыяльныя медыя ўздзейнічаюць. Ну вось на мяне гэта ўсё неяк паўздзейнічала. Можа дзядуля, які быў пчаляром, а можа проста я ўбачыў прыклады цікавыя, ці можа стаміўся ад прыцы праграміста. Як бачыце, можна ўжо некалькі прычын знайсці, і сказаць, што нейкая адна была ключавой, мне складана. У 2017 годзе я вырашыў гэтым заняцца і гэта працягвалася да канца 2022 года ў Беларусі, пакуль я там жыў. Але калі я вымушаны быў пакінуць Беларусь, гэта палітычнае бежанства, я на некалькі гадоў перарываю гэтае хобі. Пакуль я без пчол быў, я напісаў курс па пчалярстве, у мяне нават былі тры вучні і пачалі некаторыя з іх пчалярыць, што вельмі прыемна.
Але ў мінулым годзе я вырашыў, што вяртаюся да гэтага хобі, бо трошкі зразумеў, як тут у Польшчы ўсё працуе. І вось у гэтым годзе мой першы сезон пачаўся ў так званых кушках. Гэта не пчалярства, якое вы бачыце звычайна, квадратныя домікі, драўляныя ці пластыкавыя. Гэта не тое, што я раблю. Кушкі – гэта вулей з саломы, дзе жывуць пчолы. Гэта больш стары спосаб, які выкарыстоўваўся ў розных еўрапейскіх краінах. Калі дрэвы ўсе спілавалі, засталіся палі і жыта. І салома была ўжыта для стварэння посуду – так званых скепаў у скандынаўскіх краінах, а пасля гэта стала папулярным і ў Заходняй Еўропе, і ў тым ліку Цэнтральнай Еўропе. Я вырашыў, што гэта мой спосаб, ён мне падыходзіць і па форме, і па змесце. І гэтае пчалярства экалагічнае. Гэта такое бортніцтва старажытнае, толькі не ў дрэвах, а ў кушках.
РР: Колькі ў Вас за гэты сезон літраў мёду атрымалася?
Міхаіл Волчак: Я толькі пачаў, і мая мэта пчалярства больш звязана з адукацыйнай. Я хачу больш развіваць адукацыйнае пчалярства і пчалярства, звязанае з экалогіяй. І паказваць прыклад, таму што пчолы – гэта толькі нашы спадарожнікі на гэтай планеце, а сельская гаспадарка, якая зараз пабудавана ў такім экстрактыўным відзе, што ўсё павінна быць максімальна прыбытковым, мне гэта не цікава. У Польшчы ёсць, дарэчы, такая праблема, звязаная з захаваннем мясцовага падвіду пчол. І ў гэтым плане мне больш цікава працаваць. Ёсць праграмы з аховай пчол – мясцовых, але якія знікаюць пад уплывам розных імпартных відаў. Мясцовы від той самы, як і ў Беларусі. Гэта сярэднееўрапейская пчала. І мне цікава гэта. У першы год, насамрэч, ніводзін пчаляр не будзе казаць, колькі ён сабраў мёду. Таму што гэты год прысвечаны развіццю сем’яў, і яны развіваюцца, каб набраць моц на наступны год. І ўжо на другі год можна гутарыць пра штосьці.
Цалкам гутарка:
<figure class="wp-block-audio"></figure>
Беларускае Радыё Рацыя
The post Міхаіл Волчак: Хачу развіваць пчалярства, звязанае з экалогіяй appeared first on Рацыя.