Чым займаецца Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў у Літве?
Description
Чатыры гады таму 1 кастрычніка 2021 года Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь прыняў рашэнне аб ліквідацыі Саюза беларускіх пісьменнікаў. Каб незалежная беларуская пісьменніцкая праца не перапынялася, праз два гады ў Літве быў зарэгістраваны Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў.
З Госцем Рацыі, прэс-сакратаром Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў Ціханам Чарнякевічам размаўляў Васіль Кроква.
<figure class="wp-block-image size-full">

РР: Саюз беларускіх пісьменнікаў вымушаны быў зарэгістравацца ў Літве і пачаць дзейнасць з Літвы, як гэта дзейнасць на сёння выглядае?
Ціхан Чарнякевіч: Выглядае так, што мы працуем тут па тых жа накірунках у прынцыпе, па якіх працаваў калісьці Саюз беларускіх пісьменнікаў. Стараемся падтрымліваць праекты, то бок гэта і “Стральцоўскі фестываль міжнародны”, гэта і школа маладога пісьменніка, гэта і інфармаванне. Вось быў заснаваны сайт bellit.info, дзе я з’яўляюся галоўным рэдактарам. Там штодня выходзяць артыкулы пра новыя беларускія кнігі, працуюць сацыяльныя сеткі. Вось запусцілі мы сёлета падкаст Сяргея Дубаўца пра новыя кнігі. Спрабуем, стараемся наладзіць працу нашага выдавецтва “Сурма”, якое пакуль што парадавала людзей адной кнігай. Гэта Гінтараса Граяскаса пераклад, супольна выдадзены з дапамогай нашых партнёраў у Беластоку. Але думаем, што менавіта ўжо ў Літве больш актыўна працаваць у гэтым кірунку. І астатняе, усё, што было, гэта падтрымка літаратурных прэміяў – прэміі Цёткі, прэміі Шэрмана. Цяпер вось ідзе акурат актыўнае пасяджэнне журы, будзе ўручэнне ўвосень.
Падтрымліваем таксама і прызавыя месцы прэміі Ежы Гедройца, як і летась, гэта паездка ў Швецыю на месяц і выданне кнігі за трэцяе месца. То бок даволі шмат усяго. А нават, калі не лічыць унутрыбеларускай працы, якую мы не вельмі афішуем, але нават за мяжой вельмі шмат чаго можна рабіць і трэба рабіць для беларускіх пісьменнікаў.
РР: А вашага выдавецтва “Сурма” ёсць нейкая канцэпцыя? Я памятаю, што ў Саюза беларускіх пісьменнікаў была такая серыя “Кнігарня пісьменніка”, іншыя серыі. Плануеце штосьці такое, нейкую серыю заснаваць?
Ціхан Чарнякевіч: Пакуль што пра серыі мы не думалі, хаця, можа быць, і варта было б. А ёсць проста думкі, што там будзе. Гэта вось цяпер у карэктуры дэбютны раман Яны Гульцяевай, які летась увайшоў у пераможцы конкурсу “Экслібрыс”. Вось будзем выдаваць яе і Змітра Бартосіка таксама. Вось-вось атрымаем рукапіс і пачнем працаваць ужо з рэдактурай, макетам і дызайнам. Але пакуль серыі гэта не стварае. Магчыма, гэта будзе выходзіць не серыйна. Цяпер вельмі шмат, калі глядзіш на кнігі выдавецтваў, проста традыцыяй стала рабіць кнігі як кнігі, без прывязкі да пэўнай серыі. Але такую магчымасць не адкідваем, канешне.
Цалкам гутарка:
<figure class="wp-block-audio"></figure>
Беларускае Радыё Рацыя
The post Чым займаецца Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў у Літве? appeared first on Рацыя.