“На Падляшшы існуе жывая беларуская практыка жыцця”
Description
Сённяшні Госць Рацыі – дацэнт ЕГУ, кандыдат гістарычных навук, этнолаг Сцяпан Захаркевіч.
<figure class="wp-block-image size-large">

РР: Вы прыехалі ў Беласток пад эгідай Цэнтра беларускіх і рэгіянальных даследаванняў Еўрапейскага Гуманітарнага Універсітэта. З якой мэтай ужо другі раз прыязджаеце на Беласточчыну?
Сцяпан Захаркевіч: Мы адмыслова ўжо другі раз за гэтае лета прыязджаем, у ліпені мы прыязджалі на антрапалагічную практыку са студэнтамі праграмы “гісторыя”. У нас у мінулым годзе адкрылася новая праграма – “гісторыя”. І са студэнтамі мы працавалі ў Гайнаўцы. І апытвалі мясцовых жыхароў-беларусаў, якія размаўляюць па-свойску, па-просту, па-тутэйшаму. І нам вельмі спадабалася гэта тэрыторыя, як даследчая прастора і як жывая, унікальная рэгіянальная беларуская культура. У межах даследчых навуковых праектаў ЕГУ мы пачынаем, спадзяюся, вялікую стратэгічную праграму па вывучэнні беларускай культуры Падляшша ў розных аспектах, накірунках і тэмах.
РР: А як увогуле з’явілася гэтая ідэя?
Сцяпан Захаркевіч: Я ў 1995 годзе паступіў на гістарычны факультэт БДУ і адразу пачаў спецыялізавацца на этнаграфіі Беларусі. Аднак увесь час нам распавядалі пра існаванне 6 этнаграфічных рэгіёнаў Беларусі, дзе пражываюць беларусы. Нам распавядалі пра беларусаў Віленшчыны, але вось беларусы Падляшша заставаліся нібыта па-за ўвагай, на перыферыі інтарэсаў. Зараз, у сітуацыі, калі мы працуем у Вільні, калі пытанне вывучэння беларусаў за мяжой стала вельмі актуальным, мы таксама шукаем розныя тэмы, розныя прасторы і якраз Падляшша становіцца неверагодна цікавым рэгіёнам. Гэта перакрыжаванне такіх розных культурных накірункаў, моўных традыцый, рэлігійных практык, звязаных толькі з беларусамі. І гэта неверагодна цікава. Мы пабывалі ў Гайнаўцы, мы былі ў Беластоку, мы з’ездзілі ў Бельск, мы ўбачылі, як людзі размаўляюць па-рознаму. Убачылі жывыя рэлігійныя практыкі, службы. Мы размаўлялі з людзьмі і аказалася, што ў такім глабальным варыянце існуе такая неверагодна цікавая – можна так назваць, канешне, метафарычна – Беларуская Атлантыда. Беларусь, якая існуе вельмі даўно, але якая часцяком заставалася па-за ўвагай Беларусі і беларусаў.
РР: А чаму, на вашую думку, на перыферыі заўжды заставалася тэма беларусаў Падляшша?
Сцяпан Захаркевіч: Мне падаецца, там ёсць розны спектр прычынаў. Але вось менавіта калі казаць пра этнаграфію, этналогію і сучасную беларускую культурную антрапалогію, то хутчэй за ўсё гэта невялікая група людзей, супольнасць акадэмічная, якая проста не дайшла да гэтай тэмы. І зараз мы навёрстваем пры тым, што мы ўжо цэлы год так працуем. У маі была канферэнцыя ў Беластоцкім універсітэце і мы там удзельнічалі. І мы ўсё больш і больш шукаем розных шляхоў і каналаў, і я станаўлюся ўсё больш упэўнены, што трэба гэта вывучаць і што гэта неверагодна цікавая тэма.
РР: Што вас здзівіла ў гэтым рэгіёне?
Сцяпан Захаркевіч: Мне падаецца, што з нагоды розных палітычных і гістарычных прычын, Падляшша сталася тэрыторыяй Польскай дзяржавы, доўгі час было ў іншых палітычных варунках, то пэўныя аспекты культуры захаваліся па-іншаму. Гэта і асобныя практыкі маўлення, гэта вялікая і значная роля праваслаўнай рэлігійнай тардыцыі, практыкі. Мы сочым зараз за рознымі фестывалямі, культурнымі імпрэзамі. Шмат хто з мясцовых актывістаў распавядаюць нам пра праблему паступовага знікнення беларускасці, але з іншага боку, мы бачым існаванне такой жывой беларускай практыкі жыцця, якой цягам часу зараз ужо на Беларусі няма з прычын розных – і эканамічных, і палітычных, і культурных працэсаў.
Цалкам гутарка:
<figure class="wp-block-audio"></figure>
Беларускае Радыё Рацыя
The post “На Падляшшы існуе жывая беларуская практыка жыцця” appeared first on Рацыя.