“Зноў адбываецца цуд сустрэчы Беларусі і Беларусі па два бакі мяжы”
Description
Фестываль інтэлектуальнай кнігі “Прадмова” скончыў сваю працу ў літоўскай сталіцы, але працягнецца яшчэ ў Празе – сталіцы Чэхіі з 24 па 26 кастрычніка і ў лістападзе ў двух гарадах Польшчы – Варшаве і Познані. Адначасова падзеі фестывалю можна будзе паглядзець і анлайн на сайце фестывалю.
<figure class="wp-block-image size-large">

З Госцем Рацыі – вядомым беларускім паэтам, перакладчыкам Андрэем Хадановічам пра фестываль “Прадмова”, яго адметнасць, слоган і вартую для чытання літаратуру размаўляе наша журналістка Таццяна Смоткіна.
РР: Чым адметная гэтая “Прадмова”? Яна праходзіць пад лозунгам “Птушкі без гнёздаў” – пасыл да нашай вядомай беларускай змагаркі Ларысы Геніюш. Што адметнага будзе адбывацца?
Андрэй Хадановіч: Я думаю, што сёлетняя “Прадмова”, арганізатары калі выбіралі лозунг, яны не толькі рэагавалі на тое, што славутыя мемуары Ларысы Геніюш перавыдадзены ў Беластоку “Камунікатам” і Цэнтрам Беларускай Культуры адразу дзвюма мовамі – у арыгінале па-беларуску і па-польску. Гэта, акрамя таго, што даніна павагі, гэта яшчэ відаць роздум пра тое, што не атрымалася ў нас аптымістычнага спрынту. Не закідалі мы як бы шапкамі зло, не памерла яно ад нашага аптымістычнага чыху на яго. Усведамляем мы феномен бяздомнасці. І прычым гэта розная бяздомнасць у залежнасці ад таго, дзе мы – у самой Беларусі, дзе найлепшых беларусаў і беларусак, напэўна, душыць бяссільны гнеў пры выглядзе таго, што адбываецца побач. І мы на гэта ніяк не ўплываем. Так і мы, згодна з запаветам Караткевіча, носім сваё неба з сабой і свае Маленькія Беларусі будуем на адлегласці.
І мне здаецца, што “Прадмова” на фоне, бачыце, памяняўся прэзідэнт – спынілася фінансаванне, падзьмулі іншыя каньюнктурныя вятры, папулісты замест “Хвала!”, пачалі крычаць “Ганьба!” ў кожнай краіне. І нібыта мусяць апускацца рукі, паніжацца самаадзнака, дэматываваць нас. А “Прадмова” паказвае, што свет недасканалы, і сабакі брэшуць, а караван мусіць ісці, і справа мусіць рабіцца.
І зноў адбываецца гэты цуд сустрэчы Беларусі і Беларусі па два бакі беларуска-еўразвязаўскай мяжы. І зноў сустракаюцца кнігі, нейкім цудам выдадзеныя ў Беларусі насуперак усяму, што там адбываецца. І кнігі, якія таксама цудам, але іншым, прарастаюць паўзверх іншых моваў і культураў там, дзе мы ёсць. І я ўпэўнены, што частка іх паедзе ў торбах у Беларусь, а другая ўжо ў торбах прыехала з Беларусі да беларусаў. І кожны, канешне, набудзе не толькі для сябе, а яшчэ для сяброў, для сваякоў. Інакш кажучы, без свайго Міністэрства культуры, мы без сваёй дзяржаўнай падтрымкі, мы вучымся адно аднога падтрымліваць, адміністраваць, быць сваімі міністэрствамі, і быць сваёй культурай, як у тым фільме пра чарговага Тэрмінатара: “Калі вы нас чуеце, мы і ёсць супраціў”. Мы і ёсць культурная, прытомна беларуская Беларусь.
<figure class="wp-block-image size-large">

РР: Вы, як літаратар, якія кнігі параіце прачытаць людзям і якія імпрэзы наведаць у межах “Прадмовы”?
Андрэй Хадановіч: Я паэт-аўтар, які носіць у сабе свайго перакладчыка яшчэ. Таму, канешне, зрэагую – дзве сімпатычныя тэндэнцыі – тое, што працягваецца перакладацца стопудовая антычная класіка, што ў нас наўздагон “Іліяды” ёсць “Энеіда” Вергілія, што ў нас ёсць “Тэагонія” Гесіода, што гэтую вершаваную старажытнарымскую і грэцкую класіку я вельмі раю. З другога боку, па-ранейшаму, дзякуй Ігару Кулікову, дзякуй Кацярыне Маціеўскай, перакладаюцца самыя чытабельныя запатрабаваныя кнігі. Чарговая частка сагі пра “Ведзьмара” Анджэя Сапкоўскага, калі ласка, не прапусціце. І навінка, якая проста мусіла з’явіцца і супасці з “Прадмовай” – “Дзюна” Фрэнка Герберта. Лавіце, чытайце!
Цалкам гутарка:
<figure class="wp-block-audio"></figure>
Беларускае Радыё Рацыя
The post “Зноў адбываецца цуд сустрэчы Беларусі і Беларусі па два бакі мяжы” appeared first on Рацыя.