“Улада ў Беларусі не беларуская”
Description
У кастрычніку – галоўным месяцы абвяшчэння лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі – праваабаронцы «Вясны» на супольнай сустрэчы ўспаміналі свайго лідара, лаўрэата Нобелеўскай прэміі, палітвязня Алеся Бяляцкага, які пяты год знаходзіцца ў закладніках дыктатара Лукашэнкі. Таксама яны атрымалі ў падарунак кнігу пра Алеся «За беларускае жыццё», якая выйшла дзякуючы намаганням Беларускага Радыё Рацыя, тыднёвіка «Ніва» і Цэнтра грамадзянскай адукацыі Беларусь-Польшча. Пра асаблівасці кнігі і пра самога Алеся мы пагаварылі з Госцяй Беларускага Радыё Рацыя – паплечніцай Алеся, праваабаронцай Аленай Маслюковай. Размаўляла з ёй наша карэспандэнтка Аліна Андрыевіч.
<figure class="wp-block-image size-large">
<figcaption class="wp-element-caption">Алена Маслюкова</figcaption></figure>РР: Чаму беларусы Польшчы парупіліся, каб з’явілася гэтая кніга?
Алена Маслюкова: Думаю, што беларусы Польшчы – гэта ўсё адно беларусы, ключавое – беларусы. Яны парупіліся таму, што Алесь Бяляцкі – гэта сусветна вядомае імя. Гэта чалавек, які за свае ўкладанні ў развіццё грамадзянскай супольнасці Беларусі, у развіццё беларускай культуры, у развіццё беларушчыны ўклаў усё сваё жыццё. Ён паклаў сваё здароўе ў гэта, ён, дарэчы, ахвяраваў сваёй свабодай дзеля таго, каб пераўтварыць Беларусь у дэмакратычную краіну, у краіну, дзе народ не цураецца сваёй мовы, дзе народ не цураецца сваёй культуры. І атрыманне Нобелеўскай прэміі – гэта ні што іншае, як абсалютнае прызнанне гонару, годнасці гэтага чалавека. Таму, калі беларусы Польшчы парупіліся пра тое, каб выдаць яшчэ адну кнігу пра Алеся Бяляцкага, гэта вельмі файна. І вялікі ім за гэта дзякуй, усім, хто ўкладаў свае веды, свой час на тое, каб зрабіць гэтую кнігу. Я думаю, што менавіта таму яны і зрабілі, каб ушанаваць Алеся, яго імя.
Мне, як зямлячцы Алеся, вельмі шкада і вельмі сорамна за тое, што ў Светлагорску на школе №5, у якой вучыўся Алесь, да гэтага дня не вісіць шыльда ў гонар таго, што менавіта ў гэтай установе сярэднюю адукацыю атрымліваў Алесь Бяляцкі, Нобелеўскі лаўрэат. Беларусам няма чым раскідвацца, у нас няма такой колькасці Нобелеўскіх лаўрэатаў, якія ёсць у Злучаных Штатах Амерыкі, у Японіі, у Ізраілі і яшчэ дзесьці. Мы па пальцах пералічым усіх годных беларусаў, якія атрымалі Нобелеўскую прэмію. У нас замест гэтага афіцыйныя ўлады здзекуюцца і смяюцца над гэтым. Гэта гаворыць пра што? Гэта гаворыць пра ўзровень дзяржавы, пра ўзровень чыноўнікаў беларускай дзяржавы. Гэта сорам, так не мусціь быць.
Чаму няма шыльды на ўніверсітэце, у якім вучыўся Алесь Бяляцкі? Ды на кожным корпусе мусіць вісець, што тут гісторыка-філалагічны ўніверсітэт у такім годзе скончыў Нобелеўскі лаўрэат. Гэта ж такі рэйтынг! Дзе ён?
РР: Як вы лічыце, чаму такая сітуацыя склалася ў нас з тым, што ўжо другі Нобелеўскі лаўрэат, а не ўшаноўваецца ні адзін, ні Святлана Алексіевіч з літаратурнай Нобелеўскай прэміяй, ні Алесь Бяляцкі з Нобелеўскай прэміяй міру?
Алена Маслюкова: Трэба глядзець вельмі глыбока ў карані менавіта гэтай з’явы. Чаму не ўшаноўваецца? Гэта ўжо той факт, які выплыў на паверхню, а глыбінныя прычыны – да іх трэба дакопвацца. Улада ў Беларусі не беларуская. Чаму не беларуская ўлада мусіць шанаваць беларускіх нобелеўскіх лаўрэатаў? Вось пра што пытанне.
Цалкам гутарка:
<figure class="wp-block-audio"></figure>
Беларускае Радыё Рацыя
The post “Улада ў Беларусі не беларуская” appeared first on Рацыя.



