Павел Станкевіч: Нам пашанцавала рабіць такую важную рэч
Description
30-ы фестываль аўтарскай песні “Бардаўская восень” адбыўся ў Бельску-Падляшскім. Гасцей чакала шмат падзей: ад уласна музычных выступаў, да абмеркавання кіно. Вынікі двухдзённай падзеі яе суарганізатар, сённяшні Госць Рацыі Павел Станкевіч падводзіць у гутарцы з нашай журналісткай Марынай Савіцкай.
<figure class="wp-block-image size-large">
<figcaption class="wp-element-caption">Павел Станкевіч</figcaption></figure>РР: Вось ужо трыццаты фэст «Бардаўская восень». Якія думкі, якія настроі і наколькі шчаслівы ў гэты момант?
Павел Станкевіч: Тое, што такі фестываль, як «Бардаўская восень», фестываль беларускай аўтарскай песні адбывае свой трыццаты юбілей, гэта ўжо велізарны поспех. Не забываем, мы знаходзімся на тэрыторыі Польшчы. Канешне, у Бельску-Падляшскім, дзе жыве шмат карэнных беларусаў. Але аднак гэта цешыць, што надалей прыходзіць аўдыторыя, надалей творцы хочуць тут выступаць. А шмат каму «Бардаўская восень» – гэта неабходная падзея, каб дзесці адзначыць у сваім дзённіку, і гэта добра. Гэта цешыць і дае спадзевы і думкі – што будзем працаваць далей. І гэта файна.
Канешне, як у кожны юбілей, і ў гэтым годзе прыходзіць у галаву шмат думак, падсумаванняў. Але таксама такіх цікавых сустрэч. Мы, як фонд, вядзем «Бардаўскую восень» чацвёрты год. А раней гэтыя 26 выпускаў рабілі іншыя людзі, і яны таксама сюды вяртаюцца. Гэта вельмі класна. Хоць з фестывалем яны актыўна не звязаныя, не арганізуюць яго, лёс «Бардаўскай восені» ім важны. Гэта частка іх жыцця. Але таксама яны разумеюць каштоўнасць гэтай падзеі, і тут файна, што можна з іх боку пачуць велізарную падтрымку. Як Ігар Лукашук, які прыходзіць штогод, і разам са мной адкрывае гэтую сцэну восеньскіх бардаў. Ці Міша Сцепанюк. І шмат, шмат іншых. Гэта цудоўна, што ёсць такія людзі, якія маглі б ужо не прыходзіць, ёсць кожнаму што рабіць у пятніцу і суботу. Аднак для іх гэта неабходная дата календара. Паліна Прысмакова – сакратар Рады Беларускай Народнай Рэспублікі – прыязджае да нас з Маямі спецыяльна. Ёй важна, каб быць на «Бардаўскай восені». Гэта цудоўна. Гэта дае веру, што нам пашанцавала рабіць важную рэч.
РР: Як бачыце вы перад сабой задачы падчас гэтага фэсту? Якім хочаце яго зрабіць?
Павел Станкевіч: Калі, вось гэтыя чатыры гады таму, мы ўзяліся за «Бардаўскую восень», у нас былі думкі пра тое, што слова «бардаўская» мае свае асацыяцыі, з якімі можа нам не заўсёды па дарозе, але прынамсі хочам пашыраць межы разумення хто такі «бард». І мы тады сабе прыдумалі, што самае асноўнае для нас, як і было раней, – гэта проста беларускае паэтычнае слова. Паэзія – гэта самы вышэйшы ўзровень карыстання нашай мовай. І мы хочам гэта надалей працягваць.
Але захацелася таксама дабаўляць розных іншых жанраў, нават відаў мастацтва. Таму мы рабілі і адмысловыя спектаклі, і былі кінапаказы, і аўтарскія сустрэчы з пісьменнікамі, перадусім з паэтамі. У гэтым годзе, напрыклад, выступіў Віталь Рыжкоў са сваім сцэнічным паэтычным стэндапам. Вырашылі праверыць, што азначае паэтычны стэндап. Я думаю, гэта вельмі цікавая рэч, калі паэт, які адначасова рэпер, робіць нешта такое, што ён да гэтага дадае слова «стэндап». Хочам надалей шукаць розных паэтычных напрамкаў у значэнні слова «бард», пашыраць гэтыя межы.
Але з другога боку маем такія думкі, што крыху хочам вяртацца да вытокаў фэсту. Тут я маю на ўвазе – да Бельска-Падляшскага. У гэтым годзе робім такую спробу. Фестываль адбываецца выключна ў Бельску. Раней, ужо перад намі, фестываль пачаў гучаць, канешне, абавязкова ў Бельску, але таксама ў Беластоку, у Орлі, у Гарадку, у шмат розных іншых месцах. А ў гэтым годзе нам захацелася вярнуцца выключна ў Бельск, каб усе, каму «Бардаўская восень» неабыякавая, прыехалі ў Бельск.
Цалкам размова:
<figure class="wp-block-audio"></figure>
Беларускае Радыё Рацыя
The post Павел Станкевіч: Нам пашанцавала рабіць такую важную рэч appeared first on Рацыя.



