Павел Мар’еўскі: Выхад фракцыі “Воля” – цяжкая страта для КР
Description
У апошнія дні Каардынацыйная Рада перажывае складаны перыяд — фракцыя «Воля» абвясціла пра канчатковы выхад са складу КР, а большасць сябраў органа праігнаравала галасаванне аб праходжанні праверкі на паліграфе. На гэтым фоне другі віцэ-спікер Каардынацыйнай Рады, прадстаўнік фракцыі «Еўрапейскі выбар», Павел Мар’еўскі зрабіў публічную заяву: ён гатовы добраахвотна прайсці паліграф, каб паказаць шчырасць сваіх намераў і вярнуць давер грамадства да кіраўніцтва Рады.
<figure class="wp-block-image size-large">
<figcaption class="wp-element-caption">Павел Мар’еўскі, другі віцэ-спікер КР</figcaption></figure>У гутарцы Госць Рацыі Павел Мар’еўскі тлумачыць, чаму паліграфная ініцыятыва можа стаць ключом да празрыстасці і адказнасці ўнутры КР, як ён ацэньвае выхад «Волі», а таксама што цяпер адбываецца ўнутры структуры, якая рыхтуецца да новых выбараў у 2026 годзе.
РР: Сітуацыя вакол Каардынацыйнай Рады развіваецца нечакана. З апошніх навінаў тое, што фракцыя «Воля» ў поўным складзе пакінула КР. Як вы ацэньваеце гэты крок? Як тактычны манеўр, ці сімптом глыбокай праблемы ў Радзе?
Павел Мар’еўскі: Ну калі я скажу, што ў Каардынацыйнай Радзе няма праблемаў ці вострых пытанняў, гэта будзе хлусня. Канешне, яны ёсць і заўсёды былі. Але, калі казаць пра ўласнае меркаванне, то я падтрымліваю рашэнне блока «Воля», таму што яны, наколькі ведаю, падыходзілі да яго не хутка, але абгрунтавана, усё абмяркоўвалі і вырашылі. Я іх выбар падтрымліваю, бо там ёсць мае сябры, мае пабрацімы. Яны дарослыя людзі, яны патлумачылі, чаму сыходзяць. Я стаўлюся да гэтага з павагай. У мяне няма і не можа быць ніякіх крыўдаў, бо гэта дарослыя людзі, адказныя. Не лічу, што гэта тактычны ход. Мне падаецца, што яны проста не бачаць вырашэння тых пытанняў, якія яны ўзяліся прасоўваць, узялі на сябе і абяцалі перад выбаршчыкамі. Таму, мне падаецца, праз гэта ўсё і адбылося.
РР: Ці паўплывае выхад фракцыі «Воля» на працу Каардынацыйнай Рады і ўспрыманне КР у грамадстве?
Павел Мар’еўскі: Канешне паўплывае, бо фракцыя «Воля» мела свой адсотак выбаршчыкаў, якія іх падтрымалі. Чальцы фракцыі падымалі вельмі важныя пытанні і закраналі вельмі цікавыя тэмы ў Каардынацыйнай Радзе. Напрыклад, Аляксандр Клачко «Кус» прымаў удзел і ў нарадзе фракцыі, і ў розных іншых паседжаннях, і заўсёды нешта каментаваў, нешта прапановаў. Таму, канешне, для Каардынацыйнай Рады, мне падаецца, гэта вельмі цяжкая страта.
РР: Таксама маем заяву Аляксандра Кныровіча, які таксама абвясціў пра выхад з Каардынацыйнай Рады, але з такой фармулёўкай, што Рада ператварылася ў «пустазелле». Як успрымаеце такую крытыку і якая яе прычына?
Павел Мар’еўскі: Аляксандр таксама дарослы чалавек, ён у прынцыпе ў сваёй прамове адсправаздачыўся, чаму ён гэта робіць. І я таксама паважаю яго выбар, як дарослага і свядомага чалавека. Але мне не спадабалася фармулёўка, што праца ператварылася ў «пустазелле». Таму што, атрымліваецца, ён лічыць чальцоў сваёй фракцыі «пустазеллем», якія працуюць у розных камісіях Каардынацыйнай Рады і іншым чынам заангажаваныя ў розныя камісіі. Мне падаецца, што гэта не вельмі прыгожае выказванне. Але гэта яго меркаванне. На жаль, ён не паспеў мне адказаць. Канешне, гэта таксама страта для Каардынацыйнай Рады.
Але, шчыра кажучы, апошніх некалькі месяцаў, калі не паўгода, фракцыя «Беларусы» не вельмі актыўна прымала ўдзел у працы Каардынацыйнай Рады. Я не кажу пра працу ў камісіях, бо не ведаю дакладна, як кожны з іх працаваў у сваіх камісіях. Але ацэньваю іх прысутнасць на агульных паседжаннях, на нарадах фракцыі. Памятаю некалькі пытанняў, якія яны ўздымалі. Але калі іх прапановы не праходзілі, напрыклад, па слуханнях Святлана Ціханоўскай, то яны ўвогуле сышлі ў такую глухую абарону, перасталі ангажавацца ў розныя працэсы, якія адбываліся ў Каардынацыйнай Радзе.
РР: Ці правільна мы разумеем сітуацыю, што за апошні час з Рады выйшлі ажно пяць чалавек, ці былі з імі нейкія перамовы перад выхадам?
Павел Мар’еўскі: Асабіста ў мяне не былі, але чуў ад сяброў з фракцыі «Воля», што ў іх ёсць такая мэта сысці, мы абмяркоўвалі, не буду называць імёны з кім, бо я з імі гэта не ўзгадняў, але мы з імі абмяркоўвалі, мне не ўдалося да іх данесці «плюсы», каб ім застацца ў Каардынацыйнай Радзе. Яны вельмі канкрэтна і празрыста абгрунтавалі свае мэты чаму яны сыходзяць. І я іх за гэта паважаю.
РР: І прапаную абмеркаваць асноўную прычыну, якую называлі тыя, хто выйшаў з Каардынацыйнай Рады, гэта тое галасаванне адносна ўжывання паліграфа для праверкі даверу ў КР. Наколькі я зразумела, большасць фракцый, у тым ліку фрацыя «Рух за Свабоду» Латушкі, праігнаравалі само галасаванне. Ці можаце вы растлумачыць, чаму так адбылося? І ці можам мы сапраўды так лічыць, што касцяк і большасць КР – гэта фракцыя Латушкі «Рух за Свабоду» і яна вызначае ўсю палітыку Рады на сёння.
Павел Мар’еўскі: Ва ўсіх парламентах так і адбываецца насамрэч, калі партыя ці фракцыя, якая прыходзіць да ўлады, займае больш месцаў і мае больш уплыву ў пытаннях, якія прымаюцца ў тых ці іншых парламентах. Так адбываецца і тут. Але я магу паведаміць толькі тое, што афіцыйна адкаментавалі прадстаўнікі фракцыі Латушкі «Рух за Свабоду». Яны ігнаравалі, таму што не былі ўлічаны іх прапановы ў гэты праект адносна паліграфа. Як памятаю, асноўныя моманты – гэта вынясенне кандыдатуры чалавека, які павінен прайсці паліграф, вынясенне павінны прапанаваць тры камісіі, і наступны асноўны момант – за вынясенне павінны прагаласаваць дзве траціны ад агульнага складу Каардынацыйнай Рады. Я разумею, чаму каманда распрацоўшчыкаў праекта па паліграфу не дадала гэтыя праўкі ў асноўны праект, тут цалкам зразумела, што такія ўмовы блакуюць саму праверку. У фракцыі большасці з’яўляецца інструмент уплыву на вырашэнне пытання адносна таго, хто будзе праходзіць паліграф, а хто не будзе.
Цалкам размова:
<figure class="wp-block-audio"></figure>
Беларускае Радыё Рацыя
The post Павел Мар’еўскі: Выхад фракцыі “Воля” – цяжкая страта для КР appeared first on Рацыя.



