Стартуе акцыя “Калядная пошта”
Description
Набліжаецца час калядных святаў, у зняволенні іх сустрэнуць тысячы беларускіх палітвязняў. Шмат у каго з іх есць дзеці, якія чакаюць сваіх бацькоў дадому. Госця Беларускага радыё Рацыя — былая палітзняволеная Антаніна Канавалава. Яна распавядае пра свой досвед, а таксама пра адмысловую акцыю падтрымкі такіх дзяцей ад фонду «Краіна для жыцця».
<figure class="wp-block-image size-large">
<figcaption class="wp-element-caption">Антаніна Канавалава. Фота з асабістага архіву.</figcaption></figure>РР: Гутарым з вамі з нагоды каляднай акцыі “Калядная пошта”, якую ладзіць фонд “Краіна для жыцця”. Хацела вас папрасіць у агульных рысах распавесці пра гэтую акцыю, на каго яна накіраваная, як там усё ўладкавана, як працуе і які раз праводзіцца?
Антаніна Канавалава: “Калядная пошта” – гэта традыцыйная і вельмі дарагая для нашай каманды акцыя. Яна ладзіцца ўжо пяты год, за гэты час праз удзел неабыякавых людзей прайшло шмат дзяцей палітвязняў і былых палітвязняў. І вельмі шмат дзетак атрымалі падарункі. Дзеці дасылаюць свае лісты з пажаданнямі, а мы ўжо робім з валанцёрамі ўсё, каб гэтыя жаданні спраўдзіліся.
РР: Як выбудавана механіка, то бок гэта за кошт данатаў ці за кошт сродкаў самаго фонду “Краіна для жыцця”?
Антаніна Канавалава: Гэта данаты. Наша мэта – сабраць сродкі і набыць падарункі для кожнага дзіцяці і закрыць усе заяўкі. Сярэдні кошт аднаго падарунка дзесьці да 50-ці еўра. Агульная сума залежыць ад колькасці заявак. Я ведаю, што ў мінулым годзе іх было 196 і збор склаў 7600 еўра. То бок гэтая сума пайшла на падарункі. Мы плануем у гэтым годзе сабраць такую ж суму, і будзем вельмі ўдзячныя кожнаму.
РР: Як можна падтрымаць гэты збор, дзе ёсць пра яго інфармацыя, дзе ёсць рэквізіты для даната і як можна да вас звярнуцца, калі былы палітзняволены з дзіцём хоча, каб для яго дзіця прыйшоў падарунак?
Антаніна Канавалава: Падтрымаць акцыю можна праз ахвяраванне на нашым сайце, а таксама можна стаць калядным анёлам і расказаць пра акцыю ў сваіх сацсетках. Гэта вельмі дапаможа, і мы будзем вельмі ўдзячныя. Для маці альбо бацькі з дзецьмі трэба запоўніць форму, простую анкету, гэта канфідэнцыяльна і бяспечна. Для тых людзей, якія знаходзяцца ў Беларусі, калі самі яны баяцца, то можна папрасіць каго-небудзь запоўніць яе за вас. У анкеце трэба пазначыць імя дзяцей, узрост і пажаданні, што хацелася б дзіця атрымаць на Каляды. Мы прапануем лісты да 20 снежня 2025 года. А яшчэ будзе вельмі цудоўна, калі дзеткі дашлюць свае малюнкі. Я са сваімі дзецьмі ўжо напісала лісты да Святога Мікалая.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
<figure class="wp-block-audio"></figure>
Антаніна падкрэслівае — акцыя «Калядная пошта» для яе асабіства вельмі важная. У жанчыны двое сваіх дзяцей і чацвера прыёмных. Яна асабіства ведае, як цяжка гэта — не мець магчымасці ў зняволенні павіншаваць іх.
Беларускае Радыё Рацыя
The post Стартуе акцыя “Калядная пошта” appeared first on Рацыя.



